Мінск 18:52

Палітзняволеная Калеснікава “фактычна галадае”, заяўляе яе сястра

Архіўнае фота: каманда Віктара Бабарыкі

2 верасня, Позірк. Марыя Калеснікава пры росце 175 см важыць 45 кг, з прычыны хваробы яна “не можа есці шмат з турэмнага меню” і “фактычна галадае”, паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” сястра палітзняволенай Таццяна Хоміч.

Апошні ліст ад Калеснікавай, адзначыла яна, прыйшоў 15 лютага 2023 года, больш за 560 дзён Хоміч збірае інфармацыю пра сястру “па дробках — ад жанчын, якія сядзяць і выходзяць з калоніі”.

“Карміць язвенніка баландай — гэта катаваць яго і павольна забіваць, — напісала сястра палітзняволенай. — Не даваць чалавеку права на перапіску з сям’ёй — паскараць гэтую смерць. Маша не ведае, ці жывы тата і як яго здароўе. Мы не ведаем, як яе кормяць і лечаць”.

Паводле яе слоў, звароты ў адміністрацыю калоніі і вышэйстаячыя інстанцыі фактычна застаюцца без адказу.

Тое, што адбываецца з сястрой, Хоміч характарызуе як “катаванні і здзекі з чалавека” і “злачынства супраць чалавечнасці”. Яна просіць забяспечыць Калеснікавай неабходнае харчаванне, абследаванне і лячэнне, а таксама дапусціць да яе родных і аднавіць перапіску з імі.

Прыгавораная 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі Марыя Калеснікава была спікерам і кіраўніцай выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц Аб’яднанага штаба нараўне з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валерыя Цапкалы.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстрана прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзняволенай дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы.

Праз інфармацыйную блакаду, якую чыніць адміністрацыя калоніі, інфармацыі пра яе стан практычна няма.

11 красавіка заснавальніца ініцыятывы “Палітвязынка” Яўгенія Долгая паведаміла, што палітзняволеная зазнае “моцныя праблемы са здароўем, у тым ліку высокі ціск”. Паводле яе інфармацыі, Калеснікавай “не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу”.

У ліпені Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын запатрабаваў спыніць утрыманне Калеснікавай без сувязі са знешнім светам і заклікаў беларускія ўлады “неадкладна прадаставіць доступ да адваката і аднавіць зносіны Марыі са сваякамі”.

Паводле слоў беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, Марыя Калеснікава — адзіная жанчына-палітзняволеная, якая знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — без сувязі з роднымі і знешнім светам. Апрача яе ў такіх жа ўмовах трымаюць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Віктара Бабарыку і Уладзіміра Кнігу.

Падзяліцца: