Мінск 08:02

Выезду з Беларусі ў краіны ЕС чакае 3,4 тыс. транспартных сродкаў

Пункт пропуску Беняконі на мяжы з Літвой
Архіўнае фота: тэлеграм-канал "Пул 4 Рэгіён"

2 верасня, Позірк. У чарзе на выезд з Беларусі ў суседнія краіны Еўрапейскага саюза апоўдні знаходзілася 3.425 транспартных сродкаў, сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Выезду ў Польшчу ў пункце пропуску Брэст (з сумежнага боку — Цярэспаль) чакае 450 легкавых аўтамабіляў. Тамсама знаходзіцца 5 аўтобусаў.

Грузавы транспарт сабраўся на мяжы з Латвіяй — 700 у пункце пропуску Грыгараўшчына (Патэрніекі), Літвой — 610 у Каменным Логу (Мядзінінкай) і 760 у Беняконях (Шальчынінкай) і Польшчай — 800 у Казловічах (Кукурыкі).

Прэс-служба Дзяржпагранкамітэта сцвярджае, што за выхадныя дні ў Літву “прасілі 23% грузавікоў ад нормы”. Пры гэтым менш за ўсё транспарту аформілі супрацоўнікі пункта Мядзінінкай — “2 аўто з 20 за гадзіну”.

“Чарга велікагрузаў, якія чакаюць уезду ў Польшчу перад памежным пераходам Кукурыкі (Казловічы), за выхадныя дні не змянілася. Сумежны бок прыняў на сваю тэрыторыю 58% фур ад нормы. Праз латвійскі пункт пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына) у краіны ЕС за два дні ўехаў 41% грузавікоў”, — паведамляе ведамства.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярячус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: