Мінск 15:45

Каля мяжы з Польшчай знойдзены схованку з камплектуючымі беспілотнікаў — Дзяржпагранкамітэт

Фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

2 верасня, Позірк. Схованку з “камплектуючымі беспілотнікаў самалётнага тыпу і акумулятар” выявілі і канфіскавалі 30 жніўня ў Брэсце пагранічнікі “ў ходзе рэалізацыі аператыўнай інфармацыі”, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Адзначаецца, што ў дачыненні да “ўладальнікаў канфіскаванага” распачаты адміністрацыйны працэс. Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для “высвятлення ўсіх абставін супрацьпраўнай дзейнасці”.

21 жніўня Дзяржпагранкамітэт паведаміў, што ў населеным пункце Брэсцкага раёна было знойдзена і канфіскавана “сем беспілотных лятучых апаратаў (БПЛА) самалётнага тыпу, антэны, акумулятары, пульты кіравання, цеплавізар і іншыя камплектуючыя”. БПЛА знайшлі ў нежылых памяшканнях, дзе была наладжана іх нелегальная вытворчасць. У дачыненні да трох грамадзян Беларусі пачалі адміністрацыйны працэс.

1 красавіка набыў моц указ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

Акрамя таго, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне або памежнай паласе з’яўляюцца парушэннем пагранічнага рэжыму і вядуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Падзяліцца: