Мінск 05:38

За два гады колькасць наведванняў Беларусі грамадзянамі Літвы скарацілася ў пяць разоў — СМІ

Пункт пропуску Мядзінінкай на літоўска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота: Служба аховы дзяржмяжы Літвы

2 верасня, Позірк. У жніўні 2024 года грамадзяне Літвы перасеклі мяжу з Беларуссю 10.020 разоў, паведамляе LRT са спасылкай на даныя Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

Адзначаецца, што ў жніўні 2023 года літоўскія грамадзяне наведалі Беларусь каля 33.000 разоў, у жніўні 2022-га — каля 50.000. Такім чынам, за два гады колькасць наведванняў скарацілася ў пяць разоў.

Паводле даных САДМ, на беларускую тэрыторыю ў мінулым месяцы выязджала 7.358 грамадзян Літвы. Той факт, што колькасць перасячэнняў мяжы перавышае колькасць візіцёраў, тлумачыцца тым, што некаторыя наведвалі Беларусь больш за адзін раз.

Пасля ўвядзення Беларуссю ў красавіку 2022 года “так званага бязвізавага рэжыму для грамадзян Літвы” — “у прапагандысцкіх мэтах”, як адзначае LRT, пік паездак літоўскіх грамадзян прыпаў на ліпень таго года — 56.048. У студзені 2023 года было зафіксавана 36.379 перасячэнняў мяжы, у снежні — 16.930.

У сакавіку 2024 года Літва закрыла два з чатырох дзейных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, з прычыны чаго колькасць паездак літоўскіх грамадзян рэзка скарацілася — з 20.174 у лютым да 8.903 у сакавіку.

САДМ перасцерагла суайчыннікаў ад паездак у Беларусь. “Спецслужбы папярэджваюць грамадзян Літвы пра тое, што пры паездцы ў суседнюю краіну іх могуць паспрабаваць вербаваць варожыя спецслужбы”, – прыводзіць аргументацыю ведамства LRT.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных Дзяржпагранкамітэта, з 5 жніўня па 2 верасня Беларусь наведала 6.519 грамадзян Літвы.

Бязвізавы рэжым наведвання Беларусі для грамадзян Літвы дзейнічае з 15 красавіка 2022 года.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярячус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Падзяліцца: