Мінск 04:02

З 2020 года за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 КК асудзілі 2,6 тыс. чалавек — праваабаронцы

3 верасня, Позірк. Не меней за 2.579 чалавек асудзілі ў Беларусі з 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, на гэтым тыдні па ўсёй краіне будуць судзіць сама меней 33 чалавекі, якім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Усім ставіцца ў віну ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

“Лідарамі па пераследу застаюцца Мінск і Берасцейшчына. Так, 4 верасня ў судзе Брэсцкага раёна будуць судзіць адразу 11 чалавек, а на наступны дзень у судзе Бярозаўскага раёна пачнецца працэс над чатырма мясцовымі жыхарамі”, — звяртае ўвагу “Вясна”.

Адзначаецца, што паралельна з судамі “працягваюцца затрыманні”.

На 3 верасня праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.373 чалавекі. Разам з тым людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна болей.

Падзяліцца: