Мінск 17:21

Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць асудзіць расійскі ракетны ўдар па Палтаве

Фота: "Суспільне Палтава"

3 верасня, Позірк. Ракетны ўдар Расіі па навучальнай установе і бальніцы ў Палтаве (Украіна) з’яўляецца “яркім напамінам аб тых жахах, з якімі штодня сутыкаецца ўкраінскі народ”, напісала на сваёй старонцы ў Х 3 верасня беларускі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская.

“Мы не павінны дазволіць сабе стаць нячулымі да гэтых зверстваў”, — адзначыла яна.

Паводле палітыка, яна “ў жаху ад разбуральных навін” аб удары, “які забраў жыцці сама меней 41 нявіннага чалавека і пакінуў больш за 180 параненых”.

Дэмлідэр заклікала міжнародную супольнасць “аднадушна асудзіць гэтыя акты агрэсіі і аказаць Украіне ўсю неабходную падтрымку для абароны яе свабоды” і адзначыла, што яе сэрца “застаецца з ахвярамі і іх сем’ям у гэты няўяўны час”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце 3 верасня адзначыў, што ў выніку траплення двух запушчаных Расіяй балістычных ракет часткова разбураны адзін з будынкаў інстытута сувязі ў Палтаве, з прычыны чаго людзі аказаліся пад заваламі. Выратавальныя работы працягваюцца.

Паводле інфармацыі Deutsche Welle, мяркуючы па кадрах з месца падзей, навучальная ўстанова, аб якім паведаміў Зяленскі, — гэта Ваенны інстытут тэлекамунікацый і інфарматызацыі (былое Палтаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі).

У памяць аб ахвярах трагедыі гарадскія ўлады аб’явілі трохдзённую жалобу пачынаючы з 4 верасня.

Падзяліцца: