Мінск 19:14

На грамадзян Польшчы заведзеная крымінальная справа за намер незаконна прадаць увезеныя ў Беларусь цягачы

Фота: ДМК

3 верасня, Позірк. Аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да “грамадзян Рэспублікі Польшча і іншых асоб, якія дзейнічалі па папярэдняй змове” паведаміў 3 верасня Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Фігурантам (арганізатарам схемы названы 29-гадовы грамадзянін Польшчы), якія праходзяць па ч. 2 арт. 231 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты плацяжоў, якія спаганяюцца мытнымі органамі), пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Паводле інфармацыі ДМК, аператыўнікамі Брэсцкай мытні “праведзены комплекс спецыяльных мерапрыемстваў, падчас якіх устаноўлены і затрыманы тры цягачы пад выглядам нібыта часова ўвезеных у Беларусь з Польшчы”.

У мінулым месяцы вадзіцель польскай фірмы, паведамляе мытня, увёз праз пункт пропуску Казловічы два седлавыя цягачы маркі DAF.

“Тут, у мэтах забеспячэння бяспекі і адсочвання маршруту руху транспартных сродкаў да ўстаноўленага месца, мытнікі прымянілі да іх навігацыйныя пломбы. Толькі пломбы з аўто былі прафесійна зрэзаныя — без парушэння цэласнасці запорнай прылады, а самі цягачы “растварыліся” ў Беларусі”, — адзначае ДМК.

Месца знаходжання вялікагрузаў было ўстаноўлена падчас “аператыўных дзеянняў”. У Ганцавічах (Брэсцкая вобласць) яны “рыхтаваліся да незаконнага продажу — на цягачах былі выдаленыя завадскія ідэнтыфікацыйныя нумары шляхам хімічнага тручэння металу”.

Агульны кошт аўтамабіляў склаў каля 300 тыс. рублёў, сума мытных плацяжоў — больш за 180 тыс.

Падзяліцца: