Мінск 18:29

Невядомыя разбілі шыбы ў вокнах Цэнтра беларускай культуры і супольнасці ў Вільнюсе

Фота: Цэнтр беларускай культуры і супольнасці

4 верасня, Позірк. Невядомыя разбілі шыбы ў вокнах размешчанага ў Вільнюсе Цэнтра беларускай культуры і супольнасці.

Пра гэта паведаміў цэнтр у сваім тэлеграм-канале, а таксама на старонцы ў “Фэйсбуку”, адзначыўшы, што ў сувязі з тым, што адбылося, была выклікана паліцыя.

“Мы так шмат зьдзекаваліся з памылак у вядомых псэўдалітоўскіх антыбеларускіх графіці, што нам вырашылі троху прасьцей зрабіць”, — адзначылі ў арганізацыі, магчыма, маючы на ўвазе, што разбіць шыбу лягчэй, чым нанесці графіці.

20 сакавіка літоўская паліцыя пачала расследаванне па факце выяўлення на дарожным паказальніку ля ўезду ў Вільню на Мінскай шашы “надпісаў на кірыліцы з выявай беларускага гістарычнага сцяга”.

На фатаграфіі, апублікаванай tv3.lt, быў бачны надпіс “Вільня наша” побач з выявай бел-чырвона-белага сцяга.

4 сакавіка партал Delfi паведаміў, што ў літоўскіх тэлеграм-чатах невядомыя пачалі распаўсюджваць на рускай мове “абсурдныя заклікі сеяць паніку”. Прапаноўвалася за грошы маляваць графіці, якія прасоўваюць ідэі “літвінізму”.

“За адно графіці прапануюць 15 еўра, грошы абяцаюць плаціць крыптавалютай, каб іх атрымаць, трэба даслаць фота графіці”, — адзначалася ў публікацыі.

“Запіс павінен быць зроблены на бачным месцы, пісаць на будынках можна ў любым месцы, галоўнае, каб не пацярпелі культурныя каштоўнасці. Горад любы, але лепшы вялікі”, — прыводзіў Delfi адзін з заклікаў у тэлеграм-чатах.

У той жа публікацыі палкоўнік запасу Літоўскай арміі Саўлюс Гузявічус назваў “прапаганду ідэй літвінізму” “небяспечнай тэндэнцыяй, відавочным элементам інфармацыйнай вайны”.

19 сакавіка Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы заявіў, што ў краіне “няма арганізаваных груп, якія прапагандуюць ідэалогію літвінізму”, якія маглі б “уяўляць пагрозу незалежнасці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны”.

ДДБ выступіў у сувязі з “павелічэннем у апошнія тыдні колькасці электронных лістоў, якія рассылаюцца літоўскім палітыкам і грамадскім дзеячам, з пагрозамі ад груп, якія нібыта прапагандуюць ідэалогію літвінізму”.

Спецслужба таксама адрэагавала на спробы ў сацсетках “завербаваць літоўцаў для напісання лозунгаў гэтай ідэалогіі ў грамадскіх месцах за грашовую ўзнагароду”. На думку ДДБ, “такая дзейнасць адпавядае асаблівасцям псіха-інфармацыйных аперацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэнне панікі ў грамадстве краіны”.

“Пад выглядам літвінізму таксама робяцца спробы дыскрэдытаваць дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі і выклікаць варожасць паміж літоўскімі грамадзянамі і беларусамі, якія жывуць у краіне”, — звярнула ўвагу ведамства. Адзначана, што ў дэпартаменце “адсочваюць працэсы, якія адбываюцца ў новай беларускай дыяспары ў Літве, з мэтай выяўлення і прадухілення рызык і пагроз нацбяспецы”.

У жніўні 2023 года ДДБ таксама выступіў з заявай, у якой адзначыў, што літвінізм не ўяўляе рэальнай пагрозы суверэнітэту Літвы, а “ідэалагічнае супрацьстаянне паміж літоўцамі і беларусамі, якія знаходзяцца пад уплывам ідэалогіі літвінізму, працягваецца ўжо больш за два дзесяцігоддзі ў нішавых інтэрнэт-рэсурсах, прысвечаных гісторыі”.

23 жніўня 2023 года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская па выніках сустрэчы са спікерам парламента Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн заявіла, што праблема літвінізму створаная штучна, пераважная большасць беларусаў “наогул не чула пра гэта”.

На пачатак 2024 года, паводле звестак Дэпартамента міграцыі МУС, у Літве пражывала 62.165 грамадзян Беларусі. Беларусы былі другой па колькасці групай замежнікаў, якія пражываюць у Літве, пасля ўкраінцаў. Летась у краіну з мэтай пражывання прыбыла 15.817 чалавек, з якіх 150 — грамадзяне Літвы.

У ноч на 28 ліпеня на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “Вяртайцеся дадому, беларускія свінні” і таксама разбілі шыбу.

Падзяліцца: