Мінск 08:02

Над Гомелем збітыя два беспілотнікі-камікадзэ, якія належаць Расіі

Скрыншот: відэазапіс у тэлеграм-канале "Флагштока"

5 верасня, Позірк. Два выбухі раздаліся над Гомелем — у 1:34 і 1:36 — у ноч на 5 верасня, паведаміла незалежнае рэгіянальнае медыя “Флагшток” са спасылкай на свайго чытача.

Паводле інфармацыі СМІ, у небе над абласным цэнтрам былі збітыя два беспілотнікі-камікадзэ, што належаць Расіі, якія ў 1:08 заляцелі ў Гомельскую вобласць з Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Медыя апублікавала два відэаролікі, на якіх бачна, як на фоне начнога неба на горад падаюць палаючыя аб’екты.

Праз гадзіну пасля таго, як раздаліся выбухі, “Флагшток” са спасылкай на даныя геалакацыі і паведамленні карыстальнікаў гарадскіх чатаў паведаміў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, рэшткі аднаго з БПЛА ўпалі ў Навабеліцкім раёне Гомеля — “у квартале завулкаў 6-й і 8- й Ільіча”.

“Паводле інфармацыі “Флагштока”, непадалёк ад пазначанага месца на вул. 3-й транзітнай пажарная каманда тушыла невялікае ўзгаранне. Таксама з раённага чата маецца інфармацыя пра тушэнне пажару ў тым жа раёне па вул. Белага”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сістэма апавяшчэння ў горадзе не працавала, адзначае медыя.

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у 1:30 з аэрадрома Баранавічы (Брэсцкая вобласць) быў узняты дзяжурны знішчальнік.

Яшчэ адзін знішчальнік вылецеў адтуль у 2:20, праз 8 хвілін у паветраную прастору краіны ўвайшоў яшчэ адзін дрон — па кірунку Хойнікаў (Гомельская вобласць).

У 3:10, паводле інфармацыі групы, з аэрадрома Баранавічы вылецеў трэці знішчальнік. Прычынай таму, як мяркуецца, стаў чарговы беспілотнік-камікадзэ, які ў той час залятаў у Гомельскую вобласць курсам на Брагін.

Раней група “Беларускі Гаюн” паведамляла, што ў ноч на 4 верасня і раніцай у краіну заляцела не менш за чатыры БПЛА. Паведамлялася, што “знішчальнік ВПС РБ узняўся з аэрадрома Баранавічы прыкладна ў 06:20 і, палятаўшы 1,5 гадзіны, вярнуўся ў Баранавічы а 8 раніцы”.

Узброеныя сілы Украіны паведамлялі пра “шахеды”, якія заляталі ў Беларусь, 31 жніўня, 27 і 26 жніўня, 16 ліпеня.

8 жніўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што ў ліпені, паводле яе звестак, мінімум дзевяць “шахедаў”, якія належаць Расіі, уварваліся ў паветраную прастору Беларусі.

Якіх-небудзь пратэстаў расійскаму боку ў сувязі са згаданымі інцыдэнтамі Мінск не заяўляў.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

Падзяліцца: