Мінск 16:58

Лукашэнка: У будучыні 80–85% сельскага насельніцтва Беларусі будзе жыць у аграгарадках

29 верасня, Позірк. У будучым 80–85% сельскага насельніцтва Беларусі будзе жыць у аграгарадках, астатняя частка — у буйных вёсках, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка 29 верасня падчас паездкі па Магілёўскай вобласці.

Пры гэтым, паводле яго слоў, “некаторыя неперспектыўныя вёскі” атрымаюць развіццё, “толькі калі будзе цікавасць з боку прыватных асоб”.

“Але галоўнае — гэта аграгарадкі. Вось сёння хацелася б паглядзець, як будзе выглядаць вёска будучыні”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 студзеня 2023 года ў сельскай мясцовасці пражывала 1.988.212 чалавек, ці 21,6% насельніцтва краіны.

Паняцце “аграгарадок” было замацавана дзяржаўнай праграмай “адраджэння і развіцця вёскі” на 2005–2010 гады. У дакуменце пад ім меўся на ўвазе “добраўпарадкаваны населены пункт” з “вытворчай і сацыяльнай інфраструктурай для забеспячэння сацыяльных стандартаў насельніцтву, якое пражывае ў ім, і жыхарам прылеглых тэрыторый”.

Цяпер статус аграгарадка мае каля 1,5 тыс. з 23 тыс. сельскіх населеных пунктаў краіны.

Падзяліцца: