Мінск 05:49

У Libereco назвалі “гонарам” для арганізацыі прызнанне ў Беларусі “экстрэмісцкім” яе акаўнта ў “X”

Крыніца: libereco.org

5 верасня, Позірк. Прызнанне ў Беларусі “экстрэмісцкім” акаўнта ў “X” нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco сведчыць аб “эфектыўнасці працы”, лічыць яе выканаўчы дырэктар у Германіі Марка Фібер.

“Апошнія дзеянні супраць нашай арганізацыі паказваюць, што беларускі рэжым на чале з дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам робіць усё магчымае, каб прымусіць замаўчаць сваіх крытыкаў. Гэта не адбылося нечакана, мы чакалі, што гэта адбудзецца рана ці позна”, — адзначыў праваабаронца ў адпаведнай заяве.

Акрамя гэтага ён назваў гэты “знак з боку беларускіх уладаў” “гонарам” і падкрэсліў, што ён “не палохае”.

“[Гэта] матывуе нас працягваць рабіць усё магчымае для падтрымкі палітычных зняволеных, людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ўсіх іншых, хто працуе на карысць дэмакратычнай Беларусі, якая кіруецца на аснове вяршэнства закона”, — дадаў прадстаўнік арганізацыі.

На думку праваабаронцы, суды ў Беларусі “не дзейнічаюць незалежна”, замест гэтага ярлык “экстрэмісцкі” “служыць яшчэ адным інструментам для беларускіх уладаў для падаўлення крытыкаў у краіне”.

Людзі, якія сочаць за акаўнтам арганізацыі, дзеляцца яго паведамленнямі, могуць быць прысуджаныя да пазбаўлення волі за “прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці”, адзначыў Фібер.

У сувязі з гэтым Libereco раіць тым, хто знаходзіцца ў краіне, а таксама тым, хто збіраецца прыехаць у Беларусь, “выдаліць усе нашы публікацыі, якімі падзяліліся і якія вам спадабаліся”.

Пра тое, што суд Цэнтральнага раёна Менска прыняў рашэнне аб уключэнні ў “экстрэмісцкі” спіс пазначанага акаўнта праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў 4 верасня.

Libereco — Partnership for Human Rights з’яўляецца незалежнай няўрадавай арганізацыяй, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне (створана ў 2009 годзе).

Як указваецца на яе сайце, для дасягнення сваіх мэт яна “супрацоўнічае з беларускімі і ўкраінскімі арганізацыямі і ініцыятывамі, а таксама з людзьмі на месцах”.

“У Беларусі і Украіне мы падтрымліваем арганізацыі, ініцыятывы і асобных асоб, якія падвяргаюцца рэпрэсіям з-за сваёй палітычнай або грамадскай дзейнасці”, — гаворыцца ў рэзюмэ.

Падзяліцца: