Мінск 19:38

Марафон салідарнасці “Нам не ўсё адно!” дапамог больш чым 900 палітзняволеным — АПК

Вольга Гарбунова
Архіўнае фота: АПК

5 верасня, Позірк. Сродкі, сабраныя на анлайн-марафоне салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі “Нам не ўсё адно!”, размеркаваны “ў поўным аб’ёме і ў адпаведнасці з заяўленай мэтай”, паведаміў 5 верасня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

Акцыя дапамагла больш за 900 палітзняволеным, гаворыцца ў рэлізе.

Адзначаецца, што ўсе арганізацыі, якія сталі партнёрамі марафону, паспяхова прайшлі аўдыт Назіральнай рады марафону, у склад якой увайшла прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, а таксама прадстаўнікі васьмі беларускіх незалежных медыя.

Згодна з апошняй інфармацыяй, усяго на марафоне было сабрана 563.101,99 еўра. Камісія плацежных сістэм склала 17.161,77 еўра. Яшчэ 200 еўра з сумы былі адкліканы людзьмі, якія зрабілі данаты.

У выніку на рахунак фонду “21 мая”, які займаўся акумуляваннем і размеркаваннем грошай, прыйшло 545.740,22 еўра і 12.180,51 еўра ў крыптавалюце. Агульная сума склала 557.920,73 еўра.

АПК адзначае, што размеркавана і адпраўлена 557.252,1 еўра, або 99,9% ад сумы якая паступіла на рахунак узгаданага фонду. Камісія склала 668,59 еўра, або 0,1% ад сумы.

У зборы сродкаў узялі ўдзел больш за 11 тыс. чалавек, грашовыя ахвяраванні дасягалі сумы 10 тыс. еўра.

Больш за ўсё — 208.271,63 еўра — накіравана ў фонд салідарнасці BY_help. Таксама ў гэты фонд былі накіраваныя ўсе сродкі, якія былі сабраныя ў крыптавалюце. Грошы для перадачы сем’ям палітвязняў атрымалі фонд салідарнасці BySol (100 тыс. еўра), дабрачынны фонд “Краіна для жыцця” (60 тыс.), Беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да волі”, “Анархічны чорны крыж — Беларусь” (па 40 тыс.), фонд дапамогі беларусам у Літве Razam (28,8 тыс.), праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням Dissidentby (28 тыс.), дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB і Беларуская Рада культуры (па 15 тыс.), медыяпраект дапамогі беларускім палітзняволеным жанчынам “Палітвязынка” і Фонд медыцынскай салідарнасці (па 5 тыс.).

“Мы зрабілі ўсё настолькі празрыста, наколькі гэта магчыма. Людзі аб’ядналіся ў салідарнасці — і гэта самае каштоўнае. Нам не ўсё адно, пакуль у Беларусі ёсць хоць адзін палітзняволены ці палітзняволеная”, — адзначыла Гарбунова.

АПК нагадаў, што суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў відэазапісы марафону “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Сілавымі органамі была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў прамой трансляцыі мерапрыемства за фінансаванне “экстрэмісцкай дзейнасці”. Падазраваныя  — больш за 60 чалавек з ліку арганізатараў і ўдзельнікаў марафону.

Маштабная акцыя па зборы сродкаў для беларускіх палітвязняў і іх сем’яў праходзіла з 29 па 30 ліпеня 2023 года. Марафон быў ініцыяваны Гарбуновай, якая заснавала фонд “21 мая” і са сваёй камандай правяла працу па распрацоўцы канцэпцыі, пошуку партнёраў і плацежных інструментаў. Згаданы фонд стаў адзіным кашальком, які прымаў грошы і размяркоўваў іх паміж фондамі і арганізацыямі-партнёрамі.

Падзяліцца: