Мінск 09:03

Еўрасаюз зноў “прыняў да ведама” памілаванне беларускіх палітвязняў

Архіўнае фота: "Позірк"

6 верасня, Позірк. Еўрапейскі саюз “прымае да ўвагі ўчарашняе (4 верасня. — “Позірк”.) памілаванне 30 палітычных зняволеных” у Беларусі, гаворыцца ў распаўсюджанай 5 верасня заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэра Стана.

Аднак, адзначаецца ў ім, “каля 1,4 тыс. чалавек па-ранейшаму знаходзіцца ў нечалавечых умовах”.

“Мы ўстрывожаныя паведамленнямі аб стане здароўя Марыі Калеснікавай і Паліны Шарэнда-Панасюк. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя”, — гаворыцца ў рэлізе.

Пасля папярэдняга памілавання палітвязняў, якое адбылося 16 жніўня, ЕС таксама заявіў, што “прымае да ўвагі вызваленне некалькіх палітвязняў у Беларусі, асуджаных за ўдзел у мірных пратэстах пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”, і заклікае вызваліць астатніх.

Па стане на 5 верасня беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітвязнямі 1.373 чалавек.

Падзяліцца: