Мінск 07:05

У жніўні прададзена ўдвая больш легкавых і лёгкіх камерцыйных аўто, чым годам раней — БАА

Ілюстрацыйнае фота: сайт "БЕЛДЖЫ"

6 верасня, Позірк. За жнівень 2024 года кампаніі — члены Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) прадалі 4.916 легкавых аўтамабіляў і лёгкага камерцыйнага транспарту, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Паводле слоў члена праўлення БАА Аляксандра Стэльмаха, гэты паказчык стаў “найвышэйшым у гэтым годзе і больш як у два разы перавышае паказчык жніўня 2023-га”. “Сумарныя продажы за восем месяцаў 2024 года (29.987 адз.) ужо перавысілі вынік усяго 2023-га, а ў параўнанні з леташнім перыядам студзень — жнівень паказалі рост на 120%”, — падкрэсліў прадстаўнік асацыяцыі.

Традыцыйным лідарам продажаў сярод брэндаў з’яўляецца Geely (46% рынку).

На думку Стэльмаха, рост продажаў новых аўтамабіляў звязаны з “пашырэннем прапановы ў дылераў”, а таксама “павелічэннем попыту з боку пакупнікоў”. “Што да апошняга, то тут адбіваецца даступнасць аўтакрэдытавання і лізінгу, рост даходаў насельніцтва, а таксама складанасці з увозам аўтамабіляў з-за мяжы”, — лічыць ён.

Пашырэнне інфраструктуры для падзарадкі электрамабіляў у Беларусі, адзначыў Стэльмах, уплывае на выбар тыпу транспарту. Ён звярнуў увагу на тое, што больш за 5% аўтамабіляў, прададзеных дылерамі за восем месяцаў 2024 года, адносіцца да класа электрычных, “у той час як у канцы 2023-га гэты паказчык ледзь дасягаў 1,7%”.

За 2023 члены БАА прадалі ў краіне 21.761 легкавы аўтамабіль і 3.647 лёгкіх камерцыйных аўто, паведамляў раней дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота. Было рэалізавана 78 мадэляў — на 64 менш (-45,1%), чым у 2022-м (142). Колькасць прадстаўленых марак таксама скарацілася — да 20 (у 2022-м іх налічвалася 28; -28,6%).

Па выніках 2022 года, сведчаць даныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 легкавых аўтамабіляў, у 2020-м — 53.537, 2019-м — 64.504.

Падзяліцца: