Мінск 20:01

Токіа заявіў пратэст Мінску пасля тэлесюжэта пра арыштаванага ў Беларусі японца

Ілюстрацыйнае фота: Fumiaki Hayashi / unsplash.com

6 верасня, Позірк. Токіа заявіў пратэст Мінску ў сувязі з паказаным на беларускім тэлебачанні сюжэтам пра “затрыманага і абвінавачанага ў шпіянажы” японскага грамадзяніна Наканісі Масатосі, паведамляе Kyodo News са спасылкай на ўласную крыніцу.

У пратэсце, які быў пададзены праз амбасаду Японіі ў Беларусі ўвечары 5 верасня пасля выхаду сюжэту, сярод іншага гаворыцца пра парушэнне правоў затрыманага.

Галоўны сакратар Кабінета міністраў Хаясі Ёсімаса заявіў, што тэлесюжэт выклікаў “вялікі жаль”. “Мы будзем аказваць максімальную падтрымку з пункту гледжання абароны нашых грамадзян”, — сказаў ён.

Медыя адзначыла, што раней стасункі Японіі і Беларусі пагоршыліся праз тое, што Мінск актыўна падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне.

Грамадзяніну Японіі Наканісі Масатосі выстаўлена абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 3581 КК (агентурная дзейнасць), паведаміў начальнік Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак 5 верасня ў рэпартажы “Правал “самурая” з Токіа” на тэлеканале “Беларусь 1”.

Згаданы “падданы Японіі” затрыманы паводле падазрэння ў супрацы з замежнай выведкай, дадаў прадстаўнік ведамства.

Паводле яго сцвярджэння, Наканісі, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы “выведвальнай інфармацыі вайсковага характару, у прыватнасці, пра беларускую вайсковую інфраструктуру, пра перамяшчэнне войскаў і вайсковай тэхнікі, пра цяперашнюю сітуацыю на паўднёвым кірунку”.

Акрамя таго, паводле слоў Бычака, “замежніку выведорганам адпрацоўваліся заданні па вербавальным вывучэнні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў”.

Абвінавачаны ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ, і, паводле сцвярджэння Бычака, “актыўна супрацоўнічае са следствам і дае падрабязныя паказанні пра сваю супрацьпраўную дзейнасць”.

У рэпартажы сказана, што Наканісі пераехаў у Гомель у 2018 годзе. Паведамляецца, што ён пабраўся фіктыўным шлюбам з грамадзянкай Беларусі, які затым скасаваў, і ўладкаваўся працаваць выкладчыкам японскай мовы ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Скарыны.

Пра тое, што “ў гісторыі Беларусі ўпершыню спынена дзейнасць японскіх спецслужбаў”, тэлеграм-канал Агенцтва тэленавін, якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, паведаміў 4 верасня.

Факт затрымання 50-гадовага грамадзяніна краіны ў Беларусі “9 ліпеня за меркаванае парушэнне беларускага заканадаўства” пацвердзіла 4 верасня тэлеканалу NHK амбасада Японіі ў Мінску.

5 верасня гэтую інфармацыю пацвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабміна Хаясі. Паводле яго слоў, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад “аказаў яму максімальную падтрымку, у тым ліку звязаўся з яго сваякамі”.

Падзяліцца: