Мінск 14:27

Новы будынак гістарычнага музея збіраюцца пабудаваць на месцы былога парка “Дрымлэнд” у Мінску (дапоўнена)

Скрыншот: сэрвіс "Яндэкс.Мапы"

дададзеныя абзацы 4–6

6 верасня, Позірк. Новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея (НГМ) плануецца пабудаваць на ўчастку паміж пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай і ракой Свіслач, то бок на месцы былога парку “Дрымлэнд”, вынікае з паведамлення прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, якому 6 верасня прадставілі адпаведную канцэпцыю.

Адзначаецца, што планіровачнае рашэнне будынка НГМ паўтарае контур мапы Беларусі. У экспазіцыю музея ўвойдуць экспанаты і інфармацыя пра гісторыю беларускіх зямель, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснасцю.

ČПавінен быць нармальны музей, куды асабліва малады чалавек зойдзе і выйдзе, пераканаўшыся ў тым, што мы маем права на сваю дзяржаўнасць, мы яе дабіліся, заслужылі цяжкай працай, потым і крывёй, пражыўшы нават не стагоддзе, а тысячагоддзе. І вось яна, гісторыя — на вачах, — заявіў Лукашэнка. — Што б ні адбывалася вакол краіны, як бы мы ні былі зацягнуты наяўнымі пытаннямі, пытанні нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва заўсёды будуць у цэнтры нашай увагі”.

У экспазіцыі, настойвае ён, не павінна быць “ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перагіну”. У ёй, на яго думку, трэба адлюстраваць “аб’ектыўны погляд” на беларускую гісторыю, “каб не толькі беларусы, але і іншыя народы маглі пагадзіцца з яе трактоўкай або, ва ўсякім разе, не маглі адпрэчыць і адмаўляць яе”.

“Маё асноўнае патрабаванне — выкласці гістарычныя факты максімальна праўдзіва, — запатрабаваў ён. — Ніякай палітызацыі, ніякага “ўра” ў дачыненні да Лукашэнкі, пятровых, сідаравых, якія нібыта вяршылі гісторыю, а народа пры гэтым не відаць. Усё мусіць быць абсалютна аб’ектыўна і заслужана”.

Лукашэнка арыентаваў стваральнікаў экспазіцыі на тое, каб “падкрэсліць асаблівыя старонкі” гісторыі краіны, але ў той жа час нічога не хаваць: “Гэта павінна быць адлюстраваннем той палітыкі, якую мы праводзім сёння ў Беларусі”.

ТАА “Парк забаў Дрымлэнд”, які працаваў з 2004 года, знаходзіцца ў працэдуры банкруцтва. Эканамічны суд Мінска прыняў да вытворчасці справу аб банкруцтве 29 студзеня 2024 года. Пазыкі парку на сёлетні студзень складалі больш за 1,85 млн рублёў, актывы ацэненыя ў 112,6 тыс. рублёў.

Летась у жніўні стала вядома, што на месцы “Дрымлэнда” адкрыюць Парк народнага адзінства.

У 2017 годзе Аляксандру Лукашэнку распавялі пра ідэю пабудаваць новы будынак НГМ непадалёк ад стэлы на пр. Пераможцаў — праз дарогу ад Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

СМІ паведамлялі, што этап праектавання планавалася завяршыць у 2019 годзе. Пачатак будаўніцтва быў намечаны на 2020 год. Крыніцай фінансавання работ павінны былі стаць сродкі як рэспубліканскага бюджэту, так і бюджэту сталіцы.

Цяпер галоўны будынак НГМ знаходзіцца на вул. Карла Маркса.

Падзяліцца: