Мінск 17:14

Беларусь і Азербайджан рыхтуюцца правесці ў бліжэйшы час шэраг сумесных мерапрыемстваў

Ілюстрацыйнае фота: "Анадалу"

6 верасня, Позірк. Пытанні правядзення ў бліжэйшы час “шэраг сумесных двухбаковых і шматбаковых мерапрыемстваў” абмеркаваў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Назарук са сваім азербайджанскім калегам Самірам Шарыфавым, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што сустрэча адбылася ў рамках візіту Назарука ў Азербайджан 3–4 верасня.

Апрача іншага бакі разгледзелі “актуальны стан і перспектывы развіцця двухбаковай супрацы ў розных галінах”, а таксама “ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках”. Суразмоўцы, як сцвярджаецца, “падкрэслілі неабходнасць нарошчвання сумесных намаганняў па ўмацаванні і развіцці стратэгічнага партнёрства”.

Паводле інфармацыі МЗС, “пытанні рэалізацыі дамоўленасцей кіраўнікоў дзяржаў” Назарук таксама абмеркаваў з шэрагам іншых азербайджанскіх чыноўнікаў — міністрам эканомікі Мікаілам Джаббаравым, міністрам сельскай гаспадаркі Меджнунам Мамедавым, міністрам па надзвычайных сітуацыях Кямаледзінам Гейдаравым і старшынёй Дзяржкамітэта па горадабудаўніцтве і архітэктуры Анарам Гуліевым ды інш.

Азербайджан, з якім рэжым Лукашэнкі імкнецца ўмацоўваць стасункі, фактычна з’яўляецца ворагам Арменіі — фармальнага саюзніка Мінска па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і партнёра па Еўразійскім эканамічным саюзе.

1 верасня ў Азербайджане прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары, якія, на думку старшыні камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты беларускага парламента Сяргея Рачкова, што ўваходзіў у місію назіральнікаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, былі празрыстымі і прайшлі без парушэнняў.

Партыя Аліева “Новы Азербайджан”, паводле папярэдніх вынікаў, атрымала 68 з 125 месцаў у парламенце краіны, яшчэ 46 крэслаў дастануцца незалежным кандыдатам, якія падтрымліваюць цяперашні курс уладаў.

Выбары прайшлі без удзелу назіральнікаў ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і на фоне росту колькасці палітычных зняволеных у краіне. Галоўная апазіцыйная партыя краіны — Партыя Народнага Фронту Азербайджана — прыняла рашэнне байкатаваць датэрміновыя парламенцкія выбары, паколькі ў іх не было “і аднаго адсотку празрыстасці”.

Азербайджанская статыстыка фіксуе значны рост гандлю з Беларуссю

3 верасня, Позірк. У студзені — ліпені 2024 года тавараабарот Азербайджана і Беларусі перавысіў 248,2 млн долараў, павялічыўшыся на 28,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе медыя AzerNews са спасылкай на даныя азербайджанскага мытнага камітэта. Экспарт Азербайджана вырас на 44,8% …
Падзяліцца: