Мінск 15:36

Нямецкі дыпламат Андрэа Віктарын вярнулася на працу ў Мінск

Фота: амбасада Германіі ў Мінску

6 верасня, Позірк. Былы кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза у Беларусі (2015-2019) і былы пастаянны прадстаўнік амбасады ФРГ у Мінску (2000-2003) Андрэа Віктарын вярнулася на дыпламатычную работу ў Мінск. Паводле інфармацыі амбасады Германіі, яна ўзначаліла дыпламатычную місію гэтай краіны ў якасці часовага паверанага ў справах.

Апошняе месца працы Віктарын — кіраўнік дэлегацыі ЕС у Арменіі, дзе яна раней працавала амбасадарам ФРГ. Акрамя таго, яна была амбасадарам сваёй краіны ў Латвіі, а таксама працавала ў Гаазе (пасада не ўдакладняецца).

Амбасада ў Мінску адзначае, што ў асобе спадарыні Віктарын атрымала “дасведчанага дыпламата і кіраўніка, які вельмі любіць краіну Беларусь і яе народ”. “Як і яе папярэднік Міхаэль Новак, яна будзе працаваць над далейшым развіццём і паглыбленнем дружбы паміж беларускім і нямецкім народамі”, — зазначае дыппрадстаўніцтва.

Адзінай краінай ЕС, амбасадар якой уручыў Аляксандру Лукашэнку даверчыя граматы пасля падзей 2020 года, з’яўляецца Венгрыя. Астатнія дзяржавы панізілі ўзровень прадстаўніцтва да часовага паверанага ў справах.

Падзяліцца: