Мінск 16:56

У першым паўгоддзі Літва затрымала кантрабандных цыгарэт амаль на 10 млн еўра — 16% на мяжы з Беларуссю

6 верасня, Позірк. Цягам студзеня — чэрвеня 2024 года мытнікі Літвы спынілі кантрабанду 6,9 млн пачкаў цыгарэт на агульную суму (уключаючы абавязковыя падаткі) 9,7 млн еўра.

Паводле інфармацыі мытні, па фактах незаконнага ўвозу ўзбуджана 32 расследаванні.

У агульным аб’ёме кантрабанды 77% прыйшлося на мяжу з Расіяй, 16% — з Беларуссю.

Годам раней 82% усіх затрыманых цыгарэт былі з беларускімі акцызнымі маркамі, цяпер жа 84% цыгарэт — без іх.

Найбуйнейшая партыя была затрыманая 18 чэрвеня — 520 тыс. пачкаў цыгарэт “Мальбара” (без акцызаў) на 2,4 млн еўра.

Раней Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначала, што апошнім часам кантрабандысты “ўсё часцей выбіраюць дыстанцыйныя спосабы транспартавання цыгарэт”.

З пачатку года пагранслужба зафіксавала не менш за 20 выпадкаў запуску метэаралагічных шароў з кантрабандай. У 2022 годзе такіх спосабаў перакідання тавару не фіксавалася, у 2023-м іх было тры. Літоўскія метэаролагі адзначалі, што для паспяховага выкарыстання гэтых аэрастатаў “неабходныя спецыяльныя веды і навыкі, а таксама спрыяльныя ўмовы надвор’я”.

Падзяліцца: