Мінск 19:17

Лукашэнка анансаваў сустрэчу з прэзідэнтам Бразіліі на кастрычніцкім саміце БРІКС у Расіі

Прэзідэнт Бразіліі Луіс Ігнасіу Лулу да Сілва
Фота: старонка палітыка ў сацсетцы Х

7 верасня, Позірк. “Прыхільная да ідэй мірнага ўрэгулявання любых канфліктаў” Беларусь “высока цэніць ініцыятывы Бразіліі, што імкнецца садзейнічаць пабудове больш справядлівага і збалансаванага светапарадку”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы народ і прэзідэнта краіны Луіса Інасіу Лулу да Сілву з Днём незалежнасці.

“Упэўнены, старшынства ў “Групе дваццаці” (“Вялікая дваццатка”, G20. — Позірк.) дазволіць вашай краіне ўмацаваць свой міжнародны аўтарытэт, дасягнуць практычных вынікаў у адстойванні нацыянальных інтарэсаў, а таксама зрабіць пасільны ўнёсак у падтрымку ўстойлівага развіцця, пераасэнсаванне сістэмы глабальнага кіравання”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка таксама заявіў пра “вялікую важнасць фармату БРІКС” для забеспячэння “адказнага і канструктыўнага сусветнага партнёрства”.

“Перакананы, што наша з вамі асабістая сустрэча на палях саміту кіраўнікоў аб’яднання, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Казані (пройдзе 22–24 кастрычніка ў сталіцы Татарстана, РФ. — Позірк.), дасць магчымасць значна пашырыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва і сінхранізаваць сумесную працу, у тым ліку на глабальных інтэграцыйных пляцоўках”, — дадаў ён.

Бразілія — адзін з асноўных імпарцёраў беларускіх калійных угнаенняў. Праз уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі заходнія санкцыі пастаўкі гэтай прадукцыі ўскладніліся. Летась у траўні намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што шэраг краін Еўрасаюза ў інтарэсах Бразіліі выступае за скасаванне абмежавальных мер у дачыненні да беларускага калію, аднак санкцыі дагэтуль дзейнічаюць.

Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.

У 2011-м садружнасць БРІК была перайменавана ў БРІКС, паколькі да яе далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Republic of South Africa).

Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” у назве апускаюць), паколькі да яе афіцыйна далучыліся Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет, Эфіопія і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.

Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю летась.

У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.

Падзяліцца: