Мінск 05:40

Расійскія дроны збітыя над Беларуссю, бо Лукашэнка баіцца удараў УСУ ў адказ — Латушка

5 верасня, Позірк. У выпадку выкарыстання паветранай прасторы Беларусі расійскай тэхнікай для нападаў на Украіну ўлады “асцерагаецца удараў у адказ з боку УСУ”, заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. Так ён пракаментаваў сітуацыю са збітымі Мінскам расійскімі беспілотнікамі.

“Чаму Лукашэнка так баіцца выкарыстання расійскімі дронамі паветранай прасторы Беларусі? Таму што ён атрымаў вельмі выразны сігнал і папярэджанне з боку Украіны”, — адзначыў палітык у відэакаментары.

“Ён таксама баіцца, ну ці баіцца, таго: “Ну як жа так? Я ж тут гаспадар. Паветраная прастора таксама мая”. Там жа ж у яго ўсё яго”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Латушка заявіў пра “рэальны канфлікт” паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным на фоне выкарыстання РФ беларускай паветранай прасторы і абаронных заказаў Крамля, за якія ён “проста не плаціць” Мінску.

“Пытанне: а калі ў паветранай прасторы Беларусі заўтра з’явіцца балістыка? Расійскія балістычныя ракеты Лукашэнкі гэтак жа будзе збіваць?” — сказаў экс-дыпламат.

Паводле яго сцвярджэння, ракеты, якія напярэдадні выкарыстоўваліся арміяй РФ для бамбардзіроўкі Львова, ляцелі праз Беларусь.

“Можа быць, Лукашэнка будзе збіваць бамбавікі Ту, якія накіруе заўтра Пуцін у паветраную прастору Беларусі? Вось гэта будзе вельмі цікавая гісторыя”, — дадаў Латушка.

Паводле “адной з версій” палітыка, улады пачалі так рэагаваць на парушэнні паветранай прасторы расійскай тэхнікай, бо цягам “многіх месяцаў” Лукашэнка спрабуе дамагчыся ад Захаду адкрыцця паветранай прасторы Беларусі, закрытай пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у траўні 2021 года.

“Фактычна мы можам сёння назіраць разрыў кантракту з боку беларускага грамадства з дыктатарам Лукашэнкам. Ён развальваецца, напэўна, на нашых вачах. Таму што Лукашэнка ўсім нам абяцаў мірнае неба над галавой. Але яно ўжо не мірнае. Уначы над галовамі жыхароў горада Гомеля сёння выбухалі дроны. Адзін з іх упаў і пашкодзіў адзін з аб’ектаў”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Першапрычынай сітуацыі палітык назваў самога Лукашэнку, які падтрымлівае агрэсію РФ супраць Украіны: “Выбухі ў Беларусі — гэта тое, да чаго прывяла палітыка Лукашэнкі”.

“Мы павінны зразумець з вамі, што Лукашэнка — гэта вайна. І пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, верагоднасць таго, што вайна можа прыйсці ў наш дом, будзе пастаянна вялікая”, — сказаў Латушка.

Падзяліцца: