Мінск 20:00

Частка расійскіх беспілотнікаў уначы 7 верасня паляцела ў бок Беларусі — УСУ (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

дададзеныя абзацы 6–9

7 верасня, Позірк. У ноч на 7 верасня ўкраінская супрацьпаветраная абарона збіла 58 расійскіх ударных беспілотнікаў, шэсць дронаў “вышлі з падкантрольнай паветранай прасторы” і паляцелі “ў напрамку Расіі, Беларусі і часова акупаванай Луганшчыны”, паведамляе камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паводле інфармацыі вайскоўцаў, пускі беспілотнікаў ажыццяўляліся ў раёне Курска (Курская вобласць РФ, каля 300 км да мяжы з Беларуссю), Ейска (Краснадарская вобласць РФ, каля 760 км) і Чаўды (акупаваны Крым, каля 800 км).

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” паведаміла, што каля 23:20 6 верасня расійскі беспілотнік перасек паветраную прастору Гомельскай вобласці з боку Чарнігаўскай вобласці Украіны, праляцеў праз Лоеў. Прыкладна а 12 гадзіне ночы 7 верасня з аэрадрома Баранавічы (Брэсцкая вобласць) быў узняты знішчальнік.

Яшчэ адзін дрон такім жа чынам уварваўся ў беларускую паветраную прастору каля 2:45, праляцеў праз Лоеў і “працягнуў рух на паўночны захад курсам на Васілевічы (паміж Мазыром і Рэчыцай)”.

Трэці расійскі беспілотнік быў зафіксаваны ў небе над Беларуссю ў 3:10 (трымаў курс у бок Мазыра), чацвёрты — заляцеў у раёне Лоева ў 3:38 і працягнуў рух на захад.

Паводле даных маніторынгавай групы, “Шахеды” заляталі ў краіну таксама ў 3:49, 5:16 і 5:54, а ў 5:54 — выведніцкі дрон тыпу Supercam.

Аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што ў 5:16 беспілотнік уварваўся ў паветраную прастору краіны ў раёне Пінска (Брэсцкая вобласць) і “працягнуў рух на поўнач”.

“Гэты “Шахед” зайшоў у Гродзенскую вобласць (упершыню за ўвесь маніторынг) і даляцеў да самых Карэлічаў і Навагрудка, трымаючы курс у кірунку мяжы з Літвой. Гэты шахед мог праляцець над Беларуссю на поўнач ≈200 км, што з ім здарылася далей — невядома”, — гаворыцца ў паведамленні.

Такім чынам, паводле інфармацыі гэтай крыніцы, у небе Беларусі было восем дронаў; знішчальнікі з аэрадрома Баранавічы ўзляталі чатыры разы за ноч, верталёты з аэрадрома Мачулішчы — два разы. “Авіяцыя была заўважаная не толькі на поўдні краіны, але таксама і на самай поўначы — у раёне Астраўца і Вілейкі, што можа казаць пра тое, што да поўначы краіны мог даляцець не адзін, а два “Шахеды”, — адзначае “Беларускі Гаюн”.

У ноч на 5 верасня незалежнае рэгіянальнае медыя “Флагшток” са спасылкай на чытачоў паведаміла, што над Гомелем раздаліся два выбухі. Следам быў апублікаваны відэазапіс падзення палаючага аб’екта ў небе над абласным цэнтрам. Было заяўлена, што гэта вынік перахопу сіламі супрацьпаветранай абароны двух беспілотнікаў-камікадзэ, што належаць Расіі, якія заляцелі ў краіну з Чарнігаўскай вобласці.

Медыя са спасылкай на даныя геалакацыі і паведамленні карыстальнікаў гарадскіх чатаў заявіла, што рэшткі аднаго з БПЛА ўпалі ў Навабеліцкім раёне Гомеля — “у квартале завулкаў 6-й і 8-й Ільіча”.

Пазней начальнік галоўнага штаба — першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Сяргей Фралоў пацвердзіў, што ўначы 5 верасня быў зафіксаваны факт парушэння “мяжы Беларусі ў паветранай прасторы, як мяркуецца, беспілотнымі лятучымі апаратамі”. “Было прынятае рашэнне на іх знішчэнне. Своечасовымі дзеяннямі дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне ўсе цэлі-парушальнікі былі знішчаныя. Па гэтым факце праводзіцца праверка”, — заявіў военачальнік.

Неўзабаве пасля гэтага прэс-служба МНС паведаміла, што ў выніку падзення “меркавана збітага беспілотнага лятучага апарата адбылося загаранне цаглянага будынка склада ў Гомелі па 8-му зав. Ільіча”. Ратавальнікі ліквідавалі пажар, ніхто не пацярпеў. Агонь пашкодзіў 5 кв. метраў даху.

Пра выпадкі ўварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі РФ атакуе Украіну, маніторынгавыя каналы і ўкраінскае ваеннае ведамства паведамлялі таксама ў ліпені і жніўні. Беларускія ўлады гэтыя выпадкі не каментавалі, якіх-небудзь пратэстаў расійскаму боку Мінск публічна не заяўляў.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

Падзяліцца: