Мінск 17:46

Дзяржміністр ФРГ: Умовы ўтрымання Калеснікавай — сведчанне баязлівасці Лукашэнкі

Фота: Роберт Гюнтар / фэйсбук-акаўнт Клаўдыі Рот

8 верасня, Позірк. Марыя Калеснікава — “адна са смелых жанчын, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь”. Пра гэта заявіла яе сімвалічная хросная, дзяржаўны міністр ФРГ па культуры і СМІ Клаўдыя Рот з нагоды чацвёртай гадавіны затрымання аднаго з самых вядомых членаў каманд былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і — пасля яго арышту — кандыдата на пасаду прэзідэнта Святланы Ціханоўскай.

“Чатыры гады таму яна была брутальна арыштаваная рэжымам Лукашэнкі і адвольна прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначыла Рот.

Яна назвала “глыбока бесчалавечнымі” ўмовы ўтрымання Калеснікавай. “Пазбаўленне ежы, адмова ў неабходнай медыцынскай дапамозе, доўгае адзіночнае зняволенне — штодзённасць у звароце больш чым з 1.400 палітвязнямі ў Беларусі”, — падкрэсліла нямецкі палітык.

Дзяржміністр звярнула ўвагу на крыніцу інфармацыі пра стан Калеснікавай, якую нядаўна апублікавала яе сястра Таццяна Хоміч: “Не ад самой сястры або адвакатаў Машы, а ад жанчын, якія выйшлі з гомельскай калоніі. Паўтара года Машы адмаўляюць у кантактах з сям’ёй, лекарамі і адвакатамі”.

“Гэтыя жорсткія рэпрэсіўныя метады дэманструюць баязлівасць і нянавісць Лукашэнкі, але яны дакладна не прымусяць замаўчаць беларускі дэмакратычны рух і ягоных хаўруснікаў”, — падкрэсліла сімвалічная хросная Калеснікавай.

“Маша, мы цябе не забудзем, — звярнулася палітык да падапечнай. — Нашы думкі з табой і тваёй сям’ёй. Мы за цябе і за людзей у Беларусі датуль, пакуль не стане магчымай свабодная і дэмакратычная Беларусь”.

Гл. таксама інтэрв’ю Таццяны Хоміч “Позірку”:

“…Ёй казалі: пра вас усе забыліся”. Чатыры гады таму была пазбаўленая волі Марыя Калеснікава

Сястра Калеснікавай: вестак ад Машы няма 434 дня

Падзяліцца: