Мінск 17:40

У шахце “Беларуськалія” захрасла кабіна з супрацоўнікамі — у аднаго з пацярпелых пералом хрыбетніка (дапоўнена)

Машыны хуткай дапамогі на месцы здарэння Фота: група “Салігорскія аўтааматары” ва “УКантакце”

3 лістапада, Позірк. У адной з шахт 2‑га рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” у Салігорскім раёне (Мінская вобласць) захрасла транспартная кабіна, паведаміла 3 лістапада прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у кабіне знаходзіліся пяцёра супрацоўнікаў прадпрыемства.

Двум з іх пасля выняцця з шахты аказана медыцынская дапамога, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

“На дадзены момант адзін пацярпелы (1991 года нараджэння) шпіталізаваны. Папярэдне лекары дыягнаставалі ў яго пашкоджанне хрыбетніка. Другі пацярпелы — больш цяжкі, ён цяпер таксама дастаўляецца ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу (ЦРБ). У яго, паводле папярэдняй інфармацыі, пералом хрыбетніка і канечнасцяў”, — гаворыцца ў заяве Мінздароўя.

Дапаўненне.

Прэс-служба ААТ “Беларуськалій” паведаміла, што няшчасны выпадак з супрацоўнікамі адбыўся 3 лістапада ў 16.30.

“Пры спуску ў клеці работнікаў рудніка 2-га рудаўпраўлення па ствале №3 на гарызонт -445 метраў у выніку апускання клеці ніжэй усталяванай адзнакі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці пяцёра работнікаў падземнага ўчастка аўтаматызацыі вытворчых працэсаў”, — гаворыцца ў заяве прадпрыемства.

Адзначаецца, што ў выніку “неадкладна ўведзенага плана ліквідацыі аварыі” пацярпелыя былі эвакуяваныя “на адзнаку гарызонту” супрацоўнікамі ваенізаванага горнавыратавальнага атрада.

Пасля гэтага работнікаў “Беларуськалія” паднялі на паверхню, дзе ім была аказаная медыцынская дапамога.

Прычыны інцыдэнту расследуюцца камісіяй, адзначаецца ў паведамленні.

Паводле папярэдніх звестак Міністэрства аховы здароўя, ва ўсіх пацярпелых у выніку аварыі дыягнаставаныя “цяжкія спалучаныя траўмы-пераломы ключыц, хрыбетніка, таза і ніжніх канечнасцяў”.

Згодна з распараджэннем міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча ў салігорскую ЦРБ “для надання кансультатыўнай і практычнай дапамогі ўрачам” накіравана брыгада спецыялістаў з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі, паведаміла ведамства.

Падзяліцца: