Мінск 17:21

Спазненне аўтобусаў з-за чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы дасягае 12 гадзін

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 верасня 2024 года ў 22:52

Вільнюс
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

9 верасня, Позірк. 7—12 гадзін дасягае спазненне аўтобусаў з-за чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз паведамленняў прадпрыемства “Мінсктранс” у спецыялізаваным тэлеграм-канале “Мінсктранс. Міжнародныя маршруты” за апошнія трое сутак (7—9 верасня).

Напрыклад, аўтобус Мінск — Рыга, які выехаў з беларускай сталіцы ў 22 гадзіны 6 верасня, ад’ехаў ад літоўскай мяжы 7 верасня ў 8.33 замест 1.35 (спазненне сем гадзін без дзвюх хвілін). Аўтобус Мінск — Каўнас адпраўленнем 6 верасня ў 23.30 пакінуў літоўскі пункт пропуску Мядзінінкай у 9.49 замест 3.10 (спазненне 6 гадзін 39 хвілін).

Яшчэ больш гэтыя аўтобусы выбіліся з графіка на наступны дзень: Мінск — Рыга ад’ехаў ад літоўскай мяжы пазней на 9 гадзін 14 хвілін, Мінск — Каўнас — на 9 гадзін 5 хвілін.

На шмат гадзін пастаянна спазняецца аўтобус Мінск — Вільнюс — Мінск адпраўленнем у 1.50 з беларускай сталіцы, у 5.35 — ад мяжы Літвы і ў 8.00 — з літоўскай сталіцы. 7 верасня ён адправіўся ад мяжы ў бок Вільнюса ў 12.28 (затрымка 6 гадзін 53 хвіліны). На наступны дзень у паведамленні “Мінсктранса” час адпраўлення ад мяжы не быў пазначаны, але само паведамленне з’явілася ў 17.33 — на 12 гадзін пазней часу, пазначанага ў раскладзе. 9 верасня ў 16.49 “Мінсктранс” паведаміў, што аўтобус “ідзе на аўтавакзал г. Вільнюс”.

7 і 8 верасня аўтобус Каўнас — Мінск замест 17.30 выехаў у 22.00 (спазненне 4,5 гадзіны).

Менш напружаная сітуацыя, мяркуючы з інфармацыі прадпрыемства, на польскім кірунку. З Варшавы аўтобусы адпраўляліся альбо своечасова, альбо з затрымкай на 1—4 гадзіны.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі на 20 гадзін 9 верасня, у пункце пропуску Каменны Лог (на літоўскім баку Мядзінінкай) выезду з краіны чакала два аўтобусы і 480 грузавых аўтамабіляў, чаргі легкавых аўтамабіляў не было. Выезду ў Польшчу праз пункт пропуску Брэст (на польскім баку Цярэспаль) чакала 50 аўтобусаў і 350 легкавых аўтамабіляў (грузавыя едуць праз Казловічы, там у чарзе на выезд 600 аўтамабіляў).

Гл. таксама аналіз сітуацыі на мяжы з інфармацыяй аб бізнэсе на чэргах ад яго ўдзельніка ў матэрыяле аглядальніка “Позірку” Кацярыны Трухан:

На мяжы людзі ходзяць панура. Як выезд з Беларусі ператварыўся ў галаўны боль

Падзяліцца: