Мінск 09:04

Кіраўнік МУС Польшчы падпісаў рашэнне падоўжыць на 90 дзён дзеянне буфера на мяжы з Беларуссю

Крыніца: Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы

11 верасня, Позірк. Пастанову, якая падаўжае дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю, падпісаў 10 верасня міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк, паведамляе прэс-служба ведамства.

Дакумент набыў моц 11 верасня.

“Гэтая зона прынесла канкрэтныя і добрыя вынікі. У першую чаргу яна скіравана супраць кантрабандыстаў, якія перапраўляюць людзей праз мяжу”, — заявіў чыноўнік, аргументуючы рашэнне падоўжыць дзеянне буфера.

Паводле інфармацыі польскага МУС, дзякуючы буфернай зоне з 13 чэрвеня па 9 верасня памежная служба зафіксавала 6.130 спробаў незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі. У параўнанні з той жа колькасцю дзён да ўвядзення зоны гэты лік знізіўся на 64%.

“Укаранёныя рашэнні не толькі забяспечваюць недатыкальнасць дзяржаўнай мяжы, — гаворыцца ў паведамленні ведамства. — Яны гарантуюць бяспеку паліцыянтаў, памежнікаў і салдат. Буферная зона таксама абмяжоўвае дзейнасць груп кантрабандыстаў, якія садзейнічаюць нелегальнай міграцыі”.

“Працяг забароны на знаходжанне ў зоне, якая непасрэдна прымыкае да дзяржаўнай мяжы, станоўча адаб’ецца на бяспецы супрацоўнікаў, якія выконваюць тэхнічныя працы, а таксама старонніх асоб, якія могуць апынуцца ў гэтай зоне. Гэта таксама адпавядае міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Польшча”, — падкрэслівае МУС.

Буферная зона, якая пачала дзейнічаць 13 чэрвеня на мяжы з Беларуссю (першапачаткова на 90 дзён), азначае забарону на знаходжанне ў пэўных раёнах у памежнай зоне. Яна ахоплівае ўчастак мяжы працягласцю 60,67 км у межах тэрыторый пагранічных пастоў у Нарэўцы, Белавежы, Дубічэ-Царкеўнэ і Чаромсе.

Уздоўж 44 км забароненая зона ад мяжы паглыбляецца на 200 м, уздоўж 16 км у зоне запаведнікаў (гаворка пра Белавежскую пушчу) — на 2 км.

Абмежаванне доступу старонніх асоб скіраванае на “гарантаванне бяспекі насельніцтва, у тым ліку супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў”. Гэтыя меры, як сцвярджаюць польскія ўлады, таксама павінны “абмежаваць дзейнасць груп кантрабандыстаў, якія садзейнічаюць незаконным дзеянням”.

Пра напады на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз з беларускай тэрыторыі, публічна паведамлялася напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня. На пасяджэнні Рады нацбяспекі 10 чэрвеня ў Беластоку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы было здзейснена 50 нападаў на салдат.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць ваеннаслужачага 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітэк зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

За некалькі гадзін да нападзення на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі.

Дэмакратычныя сілы Беларусі ўсклалі адказнасць за гібель вайскоўца і атакі на мяжы на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: