Мінск 09:19

Камісія па эканоміцы Сейма Латвіі ўхваліла забарону на аўто з беларускімі нумарамі, цяпер рашэнне за ўсім парламентам

Ілюстрацыйнае фота: wroom.ru

11 верасня, Позірк. Камісія Сейма Латвіі па эканамічнай, аграрнай, экалагічнай і рэгіянальнай палітыцы 10 верасня ўхваліла папраўкі ў закон “Аб дарожным руху”, якія прадугледжваюць забарону на знаходжанне ў краіне аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй.

Паводле інфармацыі прэс-службы парламента, транспарт з беларускімі нумарамі, які знаходзіцца ў Латвіі, павінен быць вывезены або перарэгістраваны на месцы да 31 кастрычніка. Калі гэта не будзе зроблена ў вызначаныя тэрміны, транспартны сродак можа быць канфіскаваны.

Варта адзначыць, што рашэнне камісіі не раўназначнае прыняццю паправак да закона, канчатковае рашэнне па гэтым пытанні яшчэ будзе прымаць Сейм Латвіі.

Латвійскі парламент прыняў папраўкі да згаданага закону ў першым чытанні 5 верасня. Міністэрства юстыцыі гэтай балтыйскай дзяржавы прапанавала некалькі выключэнняў — для асоб з абмежаванай рухомасцю, якія ўязджаюць у Латвію да сваякоў, а таксама для “асаблівых выпадкаў, звязаных з бяспекай”.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька абмеркаваў 7 верасня працэс заканадаўчай забароны на знаходжанне ў Латвіі аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй з кіраўніком дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у латвійскім Сейме Лэйлай Расімай.

29 чэрвеня Савет Еўрасаюза прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі забаронена ўязджаць у ЕС праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, з 18 ліпеня — праз Літву (да 16 жніўня дзейнічае адтэрміноўка для прыватных асоб, якія не выкарыстоўваюць аўтамабіль у камерцыйных мэтах). Аналагічную забарону ўвяла Эстонія.

Падзяліцца: