Мінск 19:51

Беларускія сілавікі ў Кыргызстане трэніраваліся блакаваць паселішча і знішчаць баевікоў

Фота: Алег Некала / ІА "Ваяр"

11 верасня, Позірк. Блакаваць населены пункт, “дзе ўмоўны праціўнік усталяваў кантроль над часткай тэрыторыі”, трэніраваліся 11 верасня падраздзяленні сіл спецаперацый (ССА) Узброеных сіл Беларусі разам з кыргызскімі, расійскімі і таджыцкімі вайскоўцамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, гэтыя дзеянні былі часткай завяршальнага этапа актыўнай фазы камандна-штабных вучэнняў з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы “Узаемадзеянне-2024”, якія праходзяць у Кыргызстане.

У рамках гэтых жа манеўраў супрацоўнікі МУС Беларусі — спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” і спецатрада хуткага рэагавання (САХР) — разам з батальёнам спецназа арміі Кыргызстана “Ірбіс” “вызвалілі закладнікаў і знішчылі баевікоў”.

Варта адзначыць, што вайсковыя ССА і супрацоўнікі “Алмаза”, паводле звестак праваабаронцаў і дэмакратычных сіл, удзельнічалі ў падаўленні мірных пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. САХР, верагодна, замешаны ў палітычных забойствах.

Падзяліцца: