Мінск 05:50

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў гадавым вымярэнні выраслі на 7,4%

Ілюстрацыйнае фота: газета "Звязда"

11 верасня, Позірк. Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў жніўні 2024 года выраслі на 7,4% у параўнанні з аналагічным месяцам 2023-га, паведамляе Нацыянальны банк у новым аглядзе інфляцыйных працэсаў.

Паводле даных рэгулятара, у ліпені адпаведныя цэны і тарыфы павялічыліся ў гадавым вымярэнні на 7,6%, у чэрвені — на 8,4%.

Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў кошце ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у жніўні склала 4,8%, у ліпені (як і ў чэрвені) — 4,7%.

Сезонныя цэны (на садавінагародніную прадукцыю) у мінулым месяцы выраслі на 18,9% (15,1%, 17,1%).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) у жніўні, таксама як і ў ліпені, — 5,4% (5,5%).

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў жніўні 2024 года знізіліся на 0,1%: харчовыя тавары патаннелі на 0,3%, нехарчовыя падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,2%.

Ад пачатку года адбыўся рост на 3,4%: на харчовую прадукцыю цэны павялічыліся на 3,2%, нехарчовую — на 2,8%, паслугі — на 4,3%.

У гадавым выражэнні адзначана павелічэнне цэн на 6%: на харчовыя тавары — на 7,3%, нехарчовыя — на 4,4%, паслугі — на 6%.

28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрад “зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння” і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн атрымліваецца. Паводле яго слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання цэн у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

На думку даследчага цэнтра BEROC, пры захаванні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны вырастуць на 5–7% па выніках 2024 года. Назапашаны інфляцыйны навес будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: