Мінск 08:52

З турмы ў калонію пераведзена актывістка “Маці-328” і давераная асоба Ціханоўскай Таццяна Канеўская

Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

11 верасня, Позірк. Тэрмін утрымання ў турме актывісткі руху “Маці-328” палітзняволенай Таццяны Канеўскай завяршыўся, яе перавялі ў гомельскую жаночую калонію № 4, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

4 траўня 2021 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля абвясціў выракі па справе давераных асоб Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года, сярод якіх была Канеўская. Жанчыну прыгаварылі да 6 гадоў зняволення паводле ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў і збудаванняў) Крымінальнага кодэкса.

У студзені 2022 года Канеўскай пастрожылі ўмовы ўтрымання, яе перавялі са згаданай калоніі № 4 у магілёўскую турму. Пасля гэтага палітзняволенай забаранілі перадачы і спатканні, змясцілі ў адзіночную камеру.

У Канеўскай чатыры сыны. Увесну 2021 года сярэдняга сына Дзмітрыя асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі за пакінуты ў тэлеграм-канале негатыўны каментарый на адрас міліцыі. У лістападзе — снежні 2021 года яшчэ адзін сын Канеўскай Аляксей адсядзеў 30 сутак за з’яўленне ў судзе, дзе ён быў сведкам, у масцы з надпісам “Сумленныя людзі”. Суд палічыў гэта “несанкцыянаваным пікетам”.

Рух “Маці-328” аб’ядноўвае бацькоў і сяброў асуджаных паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і іншых “наркатычных” артыкулаў. Удзельнікі ініцыятывы лічаць, што ў Беларусі занадта суровае пакаранне за правіны (у тым ліку непаўналетніх), якія трэба лічыць ужываннем, а не распаўсюдам наркотыкаў.

Да нядаўняга часу ўлады рашаліся на мінімальны кантакт з актывісткамі руху. Напрыклад, у чэрвені 2023 года тры прадстаўніцы ініцыятывы змаглі сустрэцца з генеральным пракурорам Андрэем Шведам, які праводзіў выязны прыём у Мазыры (Гомельская вобласць).

Аднак на пачатку 2024 года стала вядома, што па выніках той сустрэчы Швед даручыў узбудзіць крымінальную справу “па факце ўцечкі інфармацыі” ў “экстрэмісцкія” тэлеграм-каналы і СМІ. У сакавіку стала вядома, што генпракурор больш не будзе прымаць актывістак. Ініцыятыва MAYDAY TEAM паведамляла, што “Андрэй Швед адфутболіў іх просьбу аб сустрэчы”, сваякоў асуджаных за нарказлачынствы “замест яго прыняў яго намеснік Аляксей Стук”.

Варта адзначыць, што сярод нядаўна памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам палітвязняў была іншая актывістка руху “Маці-328” — Марына Кісялевіч. У траўні 2022 года яна была прыгаворана да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта) і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) КК.

Перад судом жанчына правяла пад вартай чатыры з паловай месяцы, яе адпраўлялі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як “схільнай да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, яна абвяшчала галадоўку.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 12 красавіка 2024 года суд замяніў Кісялевіч абмежаванне волі на пазбаўленне — на 10 месяцаў. Яе адправілі ў гомельскую калонію № 4.

8 жніўня стала вядома, што Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”, які прадугледжвае ў тым ліку змякчэнне пакарання паводле “антынаркатычнага” артыкула 328 КК.

Паводле інфармацыі яго прэс-службы, прапануюцца “альтэрнатыўныя больш мяккія пакаранні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў за набыццё або захоўванне наркотыкаў (ч. 1 арт. 328 КК); абмежавання волі за разавыя выпадкі іх збыту (ч. 2 арт. 328 КК)”. Цяпер ч. 1 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, ч. 2 — пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў са штрафам або без яго.

Законапраект прадугледжвае змяншэнне ніжняга памеру пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі (ч. 4 арт. 328).

Падзяліцца: