Мінск 20:58

МУС вучыцца змагацца з “незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі”, Кубракоў ускосна аднёс да іх УСУ

Фота: прэс-служба МУС

11 верасня, Позірк. Спыненню “дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў” прысвечаны інструктарска-метадычны занятак, які праходзіць 11 верасня ў Століне (Брэсцкая вобласць) пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.

За практычнымі дзеяннямі ў рамках вучэнняў “Столін-2024”, паводле інфармацыі міністэрства, сочаць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і яго калега з Гомельскай вобласці Іван Крупко, намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, кіраўнікі падраздзяленняў МУС, міліцыі Мінска, абласцей і раёнаў.

Перад пачаткам занятку Кубракоў заявіў, што “ў ведамстве прааналізаваныя дзеянні Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці Расіі”. “У сувязі з напружанай абстаноўкай ля паўднёвых рубяжоў Беларусі ў прыграніччы размешчаныя спецыяльныя падраздзяленні АМАПу і ўнутраных войскаў, — сказаў ён. — Асноўная мэта — не дапусціць заходу праціўніка ў населеныя пункты, гарантаваць бяспеку нашых грамадзян. У сувязі з гэтым арганізавана аператыўнае ўзаемадзеянне з камандзірамі баявых падраздзяленняў, пагранічных войскаў, старшынямі абласных і раённых выканкамаў”.

У МУС лічаць, што “прыкладзеныя намаганні дазваляюць трымаць сітуацыю пад кантролем і не дапускаць пранікнення дыверсійна-выведніцкіх груп” на тэрыторыю Беларусі.

8 верасня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў у эфіры тэлеканала АНТ, што ў апошнія два гады на тэрыторыі Украіны побач з беларускай мяжой знаходзіцца 14-тысячная групоўка вайскоўцаў. Рашэнне аб узмацненні паўднёвага аперацыйнага напрамку ён назваў “абсалютна апраўданым”.

“Усе выказванні з боку і Захаду, і з боку Украіны, што мы стварылі там нейкія групоўкі, каб пачаць наступленне на поўдні на тэрыторыю Украіны, могуць выклікаць толькі лёгкую ўсмешку”, — лічыць ён.

Паводле сцвярджэння Вальфовіча, беларуская групоўка паблізу мяжы з Украінай складае “чатыры з невялікім тысячы вайскоўцаў”.

Беларусь, паводле яго слоў, ніколі не выказвала нейкіх папрокаў, пагроз, прэтэнзій ні тэрытарыяльных, ні нейкага іншага характару ў дачыненні да Украіны: “Мы заўсёды жылі ў міры, сяброўстве і згодзе”.

Даныя Вальфовіча пра колькасць украінскіх войскаў каля беларускай мяжы істотна — у 8,5 раза — адрозніваюцца ад лічбы, якую прывёў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” 15 жніўня (120 тыс.).

Столін знаходзіцца за 15 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы.

Падзяліцца: