Мінск 20:25

Маці журналісткі Вольгі Класкоўскай з’ехала з Беларусі

Людміла Класкоўская
Фота: тэлеграм-канал Вольгі Класкоўскай

11 верасня, Позірк. Маці журналісткі, былой палітзняволенай Вольгі Класкоўскай з’ехала з Беларусі.

“Нарэшце. Атрымалася вырваць з лап сілавікоў маму. Мы разам і ў бяспецы”, — паведаміла Класкоўская.

З 2020 года, паводле слоў журналісткі, “жыццё матулі ператварылася ў сапраўднае пекла”.

“Мой арышт, ператрусы, допыты, суды, пастаянны страх за мяне. У дадатак да ўсяго ў студзені матулю затрымаў КДБ — у рамках “справы е-дастаўкі”. І зноў допыты, ператрусы, ціск… Але ўсё ў мінулым… Мама ў бяспецы. Вялікі дзякуй усім за падтрымку”, — напісала Класкоўская.

Маці Вольгі Класкоўскай — вядомая ў мінулым журналістка Людміла Класкоўская, якая працавала ў тым ліку ў дзяржаўнай прэсе (інфармагенцтва БелТА). Дачка нарадзілася ў шлюбе з былым галоўным рэдактарам газеты “Знамя юности”, палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім.

Былая журналістка недзяржаўнай газеты “Народная воля” (цяпер вымушана не выходзіць) Вольга Класкоўская выйшла на волю 14 снежня 2022 года. Яна была асуджаная на 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса ў снежні 2020 года. Яе абвінавацілі ў перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ў Мінску ўвечары 13 кастрычніка таго ж года.

У студзені 2022 года яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за каментар у сацыяльных сетках на адрас брэсцкага міліцыянера — і прыгаварылі да 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Шляхам складання тэрмінаў ёй прызначылі канчатковае пакаранне ў выглядзе 2,5 года пазбаўлення волі.

У зняволенні Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцар і памяшканне камернага тыпу.

Падзяліцца: