Мінск 09:01

“Белсат” прызнаны “непажаданай арганізацыяй” на тэрыторыі Расіі

Фота: "Белсат"

13 верасня, Позірк. Аб прызнанні тэлеканала “Белсат”на тэрыторыі Расіі “непажаданай арганізацыяй” заявіла Генеральная пракуратура РФ.

Як сцвярджаецца ў паведамленні нагляднага органа, нягледзячы на дэклараваныя “Белсатам” прынцыпы непрадузятасці, “адной з ключавых задач з’яўляецца дыскрэдытацыя ўнутранай і знешняй палітыкі расійскіх уладаў, стварэнне негатыўнага вобразу нашай краіны (РФ. — “Позірк”.) і крытыка інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі”.

На думку Генпракуратуры, “варожая рыторыка” ўзмацнілася пасля пачатку спецыяльнай вайсковай аперацыі (так у Расіі называюць развязаную супраць Украіны вайну).

“У інфармацыйнай прасторы сталі з’яўляцца публікацыі з абвінавачваннямі кіраўніцтва Расіі ў неабгрунтаванай агрэсіі супраць Украіны, акупацыі яе тэрыторый, са сцвярджэннямі аб нелігітымнасці ўваходжання ў склад РФ Рэспублікі Крым, Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік, Запарожскай і Херсонскай абласцей”, — адзначаецца ў паведамленні (вялікія літары, як у арыгінале, захаваныя).

Акрамя таго, “Белсат”, як сцвярджае Генпракуратура, “актыўна супрацоўнічае і распаўсюджвае матэрыялы” арганізацый, уключаных у рэестр замежных агентаў, і тых, чыя дзейнасць таксама прызнаная непажаданай на тэрыторыі РФ.

Прызнанне дзейнасці арганізацый непажаданай рэгулюе артыкул 3.1 закона “Аб мерах уздзеяння на асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноватворных правоў і свабод чалавека, правоў і свабод грамадзян Расійскай Федэрацыі”. Яна была ўведзеная ў 2015 годзе.

“Непажаданая арганізацыя” — гэта замежная ці міжнародная няўрадавая арганізацыя, дзейнасць якой уяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу РФ, абароназдольнасці краіны або бяспекі дзяржавы, у тым ліку спрыяе або перашкаджае вылучэнню або абранню кандыдатаў, дасягненню пэўнага выніку на выбарах ці рэферэндумах і г.д.

Рашэнне аб прызнанні арганізацыі непажаданай прымае генпракурор або яго намеснікі па ўзгадненні з МЗС.

Такім арганізацыям забаронена адкрываць у РФ структурныя падраздзяленні (калі яны былі створаныя раней, то павінны быць зачыненыя); праводзіць грашовыя аперацыі; распаўсюджваць інфармацыю, у тым ліку ў СМІ або інтэрнэце, а таксама захоўваць такія матэрыялы ў мэтах распаўсюджвання; ствараць юрыдычныя асобы і рэалізоўваць праграмы.

На практыцы гэта азначае, што пасля таго, як дзейнасць арганізацыі прызнана непажаданай, усе яе філіялы і структурныя арганізацыі ў Расіі зачыняюцца, аперацыі з безнаяўнымі грашовымі сродкамі і іншай маёмасцю абмяжоўваюцца (банкі абавязаныя адмаўляць у правядзенні аперацый і паведамляць пра факты такіх адмоваў у Расфінманіторынг), доступ да сайта абмяжоўваецца, а рэалізацыя праграм (праектаў) і правядзенне мерапрыемстваў забараняецца.

Тэлеканал “Белсат” створаны для вяшчання на Беларусь у 2007 годзе на падставе дамовы паміж МЗС Польшчы і вяшчальнікам TVP. У лістападзе 2021 года беларускія ўлады прызналі тэлеканал “экстрэмісцкім фарміраваннем”. За супрацоўніцтва з ім журналісты пераследуюцца ў крымінальным парадку. Найбольш вядомы — кейс Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая была асуджаная спачатку на два, а затым на восем гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: