Мінск 17:38

Беларусы сталі часцей называць агульны менталітэт адным з фактараў, якія аб’ядноўваюць нацыю — Вардамацкі

Архіўнае фота: "Белгазета"

14 верасня, Позірк. Значэнне “агульнага менталітэту” сярод фактараў, якія звязваюць беларусаў, вырасла, заявіў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (Варшава) сацыёлаг Андрэй Вардамацкі 14 верасня на “Стратэгічнай Анты-Канферэнцыі “Belarusian ID Revival Days” у польскай сталіцы.

Эксперт прывёў даныя даследавання “Нацыянальная ідэнтычнасць жыхароў Беларусі”. Апытанне праводзілася ў чэрвені — ліпені.

У 2013 годзе, паводле аналагічнага даследавання, “агульны менталітэт” займаў толькі адзінаццатае месца сярод фактараў, якія звязваюць удзельнікаў з людзьмі сваёй нацыянальнасці, а ў 2024 годзе ён перамясціўся на другое месца, саступіўшы толькі пазіцыі “месца нараджэння, Радзіма”, удакладніў Вардамацкі.

Як адзначыў сацыёлаг у каментары “Позірку”, “у цела беларускай ідэнтычнасці ўвайшло адчуванне не толькі агульнай тэрыторыі, але і агульнай ментальнасці, і зараз яно быццам складаецца з дзвюх частак”.

На яго думку, “далейшы шлях развіцця беларускай ідэнтычнасці будзе выглядаць такім чынам, што ментальная частка будзе запаўняцца канкрэтнымі прыкладамі: выдатнымі беларусамі, гістарычнымі падзеямі і гэтак далей, то бок яна будзе станавіцца ўсё больш і больш факталагічнай”.

У выніку, адзначыў Вардамацкі, беларуская ідэнтычнасць будзе мець “ментальна-факталагічны, а не тэрытарыяльна-дзяржаўніцкі характар”.

У якасці прыкладу нацыянальнай самаідэнтычнасці, адрознай ад цяперашняй беларускай, сацыёлаг прывёў польскую, якую ён ахарактарызаваў як “культурна-гістарычную”. Паводле яго слоў, яна будуецца на тым, што кожны паляк ведае шмат імёнаў выдатных прадстаўнікоў сваёй нацыі, шмат гістарычных падзей, у беларусаў гэтага было менш, але сітуацыя мяняецца.

Паводле згаданага даследавання, іншымі важнымі фактарамі, якія звязваюць іх з людзьмі сваёй нацыянальнасці, беларусы лічаць (па меры памяншэння значнасці) “жыццё ў адной краіне”, “гістарычнае мінулае”, “паходжанне (нацыянальнасць бацькоў)”, “тэрыторыю, зямлю”, “дзяржаву”, “нацыянальную культуру”, “традыцыі”, “мову”, “прыроду”, “усе названыя фактары”, “рэлігію, веравызнанне”, “нацыянальныя інтарэсы”, “іншае”, “нічога з прапанаванага”, “вонкавае аблічча”.

Такім чынам, заўважыў сацыёлаг, агульная мова займае 10-е месца ў згаданай іерархіі і не ўспрымаецца значнай часткай беларусаў як фактар, які аб’ядноўвае нацыю.

Канферэнцыя арганізавана прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Падзяліцца: