Мінск 03:52

Беларускаму журналісту Андрэю Мялешку забаранілі ўезд у Грузію

Фота: з архіву Андрэя Мялешкі

16 верасня, Позірк. Журналісту Андрэю Мялешку, які вяртаўся з дачкой з Польшчы ў Грузію, дзе жыве пасля ад’езду з Беларусі па палітычных прычынах, забаранілі ўезд у краіну і плануюць адправіць назад у Польшчу. Пра гэта Мялешка паведаміў “Позірку”.

“Мяне дэпартуюць на самалёце ў Польшчу. На найбліжэйшым рэйсе, які будзе. Я так разумею, на тым, які будзе вылятаць назад з Кутаісі ў Варшаву”, — адзначыў журналіст.

Размова, найхутчэй, ідзе пра рэйс Кутаісі — Варшава венгерскай авіякампаніі-лаўкостара WizzAir, які адпраўляецца 16 верасня ў 15.40.

“Да 15 гадзін я магу даведацца, чаму мяне не ўпусцілі. Я нічога не разумею, што ў гэтым дакуменце, які мне далі, напісана “іншыя прычыны”, — дадаў Мялешка.

Паводле слоў журналіста, яго з дачкой “закрылі ў пакоі, забралі пашпарты”. “Пашпарты аддадуць тады, калі паедзем у Польшчу. Больш нічога не кажуць”, — сказаў журналіст.

Ён паведаміў, што спрабаваў падацца на міжнародную абарону ў Грузіі, але “няма ніякай магчымасці зрабіць гэта без пашпартоў”.

У Грузіі ў Мялешкі знаходзяцца жонка і яшчэ адно дзіцё.

Ураджэнец Гродна жыў у Батумі, дзе адкрыў краму беларускай сімволікі.

Гл. таксама па тэме:

Праваабаронца Кісляк абскардзіў у грузінскім судзе адмову ў наданні прытулку

Падзяліцца: