Мінск 09:33

Валавы знешні доўг Беларусі за другі квартал вырас на 0,7%

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

16 верасня, Позірк. Валавы знешні доўг Беларусі за красавік — чэрвень 2024 года павялічыўся на 253,3 млн долараў (+0,7%) і на 1 ліпеня склаў 36 млрд 646,7 млн долараў (на 1 красавіка — 36 млрд 376,8 млн), сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

На 1 студзеня гэты паказчык складаў 36 млрд 875,4 млн долараў.

Запазычанасць сектара дзяржаўнага кіравання склала 17 млрд 50,2 млн долараў, павялічыўшыся за квартал на 1,1% (+188,2 млн), Нацбанка і іншых дэпазітных арганізацый — 4 млрд 770,2 млн (-3,4%; -167,8 млн), іншых сектараў — 12 млрд 595,2 млн (+1,3%; +156,1 млн), па прамых інвестыцыях (міжфірменнае крэдытаванне) — 2 млрд 231 млн (+3,6%; +76,7 млн).

Валавы знешні доўг Беларусі — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Нацбанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

Беларусь на 1 красавіка 2024 года знаходзілася на перадапошнім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) паводле паказчыку пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Еўразійскай эканамічнай камісіі.

За год Беларусь скараціла свае знешнія абавязацельствы на 3,4% (да 36 млрд 376,8 млн долараў), Расія — на 15,6% (да 302 млрд 729,1 млн). Доўг вырас у Казахстане — на 0,3% (да 162 млрд 511,8 млн), Арменіі — на 6,4% (да 15 млрд 920 млн), Кыргызстане — на 7,3% (да 10 млрд 561,3 млн).

Падзяліцца: