Мінск 20:42

Надзвычайная пажарная небяспека ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях абвешчаная на 17–19 верасня

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

17 верасня, Позірк. На большай частцы Гомельскай і Магілёўскай абласцей 17–19 верасня захаваецца надзвычайная пажарная небяспека, папярэджвае МНС.

Міністэрства назвала фактарамі небяспекі ўзнікненне пажараў у прыродных экасістэмах, распаўсюд агню на населеныя пункты, лініі электраперадачы і сувязі.

У Гомельскай вобласці, паводле даных абласнога ўпраўлення МНС, за мінулыя суткі адбылося восем пажараў (знішчана будынкаў — 13, тэхнікі — 1; пашкоджана — 6 і 1 адпаведна).

Патушаныя тры лясныя пажары (агульная плошча 3,15 гектара) у Веткаўскім, Жлобінскім і Светлагорскім раёнах; адзін тарфяны пажар (3 га) у Чачэрскім раёне; 23 пажары травы і кустоў (18,087 га) у Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Жыткавіцкім, Жлобінскім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім і Рагачоўскім раёнах.

Да 6 гадзін раніцы 17 верасня яшчэ не быў патушаны лясны пажар (1 га) у Жлобінскім раёне.

У Брэсцкай вобласці мясцовае ўпраўленне МНС зарэгістравала за суткі 7 пажараў (знішчана і пашкоджана па два збудаванні і па адной адзінцы тэхнікі). Пра прыродныя пажары не паведамляецца.

Падзяліцца: