Мінск 01:46

Латушка: Рэжым Беларусі — праблема для еўрапейскай бяспекі

Фота: "Позірк"

17 верасня, Позірк. Сённяшні рэжым у Беларусі з’яўляецца праблемай для еўрапейскай бяспекі, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 17 верасня на арганізаваным Парламенцкай асамблеяй НАТО семінары “Роўз-Рот” у Варшаве.

“Калі ўявіць сёньня, што ў Мінску знаходзіцца дэмакратычны ўрад, ці была б магчымая вайна Расіі супраць Украіны? Хутчэй не, чым так. Прынамсі, яна б не мела такіх жудасных наступстваў для ўкраінскага народа і бяспекі Еўропы, якія мы бачым сёння”, — адзначыў палітык.

На яго думку, інтарэсам бяспекі Еўропы адпавядае “скасаванне таталітарызму і захаванне незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі”.

Латушка перакананы, што дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам пра дэмакратычныя пераўтварэнні нельга, паколькі “дэмакратызацыя для яго — гэта самазнішчэнне”.

“Доўгатэрміновы ціск на рэжым Лукашэнкі ніколі раней не чыніўся. Адступіць ад ціску — гэта значыць паўтарыць круг. Таму патрэбная комплексная стратэгія, патрэбная пастаноўка мэты скасавання рэжыму Лукашэнкі і неабходныя канкрэтныя дзеянні. Усе гэтыя чатыры гады (пры ўсёй маёй удзячнасці да партнёраў у дэмакратычных краінах) мы назіраем запаволеную рэакцыю на агрэсіўныя дзеянні рэжымаў, якія эскалююць сітуацыю, увесь час паднімаюць стаўкі”, — адзначыў палітык, падкрэсліўшы, што “дыктатары разумеюць толькі мову сілы”, а дэмакратыі “дагэтуль размаўляюць з імі на дыпламатычным дыялекце, што ўспрымаецца рэжымамі як праява слабасці”.

Паводле яго слоў, стратэгічная мэта Масквы — уключыць Беларусь у склад Расіі, і дэмсілы гэта ўсведамляюць.

У сваім выступе Латушка таксама закрануў тэму палітвязняў, падрабязна распавёўшы пра сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі.

Намеснік кіраўніка АПК лічыць, што Лукашэнка здзейсніў тры з чатырох “найбольш цяжкіх міжнародных злачынстваў”. Гэта злачынства супраць чалавечнасці — у дачыненні да беларускага народа, ваеннае злачынства — дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, акт агрэсіі ў дачыненні да суседняй дзяржавы — Украіны. Чацвёртае злачынства — генацыд, паводле яго слоў, пакуль не здзейсненае.

“Цяпер заходні свет мае выбар, — заявіў прадстаўнік кабінета. — Або рабіць тое, што рабілі на працягу 30 гадоў у дачыненні да Лукашэнкі, — пачынаць з ім камунікацыю (але мы з вамі бачым вынік гэтых пяцігадовых цыклаў). Альбо пачаць рэалізоўваць стратэгію па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі — каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя змены, і Беларусь стала донарам стабільнасці ў рэгіёне”.

Для падтрымкі беларускага народа, адзначыў ён, заходнія партнёры павінна мець палітычную волю.

Палітык прывёў шэраг крокаў, якія, на яго думку, Захаду неабходна зрабіць у дачыненні да Беларусі. Трэба, як сказаў Латушка, падпісаць дэкларацыю аб супрацы інстытутаў беларускіх дэмсіл з Еўрасаюзам, не закрываць пагранпераходы для пасажырскага руху, выдаваць больш віз беларусам, кратна павялічыць падтрымку незалежных СМІ, надаць беларусам тысячы стыпендый у еўрапейскіх ВНУ, публічна заяўляць пра непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў 2025 года, ствараць парламенцкія групы па супрацоўніцтве з дэмакратычнай Беларуссю ў краінах, дзе такіх яшчэ няма.

Акрамя таго, адзначыў палітык, трэба падтрымліваць ідэнтычнасць і матываваць беларусаў, дэманстраваць еўрапейскую перспектыву і паставіць пытанне пра адказнасць Лукашэнкі за злачынствы супраць беларусаў.

Сустрэча прадстаўнікоў ПА НАТО праходзіць 16–17 верасня ў польскім Сейме. Сярод іншых на абмеркаванне вынесеныя тэмы ўмацавання ўсходняга флангу Паўночнаатлантычнага альянсу, падтрымкі Украіны, сітуацыі ў Беларусі і Балтыйскім рэгіёне.

Падзяліцца: