Мінск 21:16

У Беларусі запаволіўся рост эканомікі — Белстат (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

17 верасня, Позірк. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень — жнівень 2024 года склаў 158,4 млрд рублёў, у супастаўных цэнах гэта на 4,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га, вынікае з першай ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Індэкс-дэфлятар ВУП у адносінах да аналагічнага перыяду папярэдняга года вырас на 10,75%.

У студзені рост эканомікі склаў 2,8%, студзені — лютым — 4%, студзені — сакавіку — 4,1%, студзені — красавіку — 5,1%, студзені — траўні — 5,2%, студзені — чэрвені — 5% , студзені — ліпені — 5,5%.

Афіцыйныя даныя па росце ў Беларусі валавога ўнутранага прадукта не адпавядаюць рэчаіснасці, заяўляў“Позірку” кіраўнік Цэнтра Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук, каментуючы вынікі працы эканомікі за сем месяцаў.

Частыя нарады Аляксандра Лукашэнкі з урадам і чыноўнікамі эканамічнага блока эксперт назваў спробай уладаў заявіць пра кантроль над сітуацыяй у краіне.

“Кіраўнік стварае ілюзію таго, што ён кантралюе кожны рух у краіне. Вось гэтыя агучаныя ўрадам 5,5% росту ВУП кажуць толькі пра тое, што не трэба расслабляцца. І ён, і Савет міністраў разумеюць рэальнасць агучаных Белстатам лічбаў. Ён загадаў ім зрабіць па выніках года 3,8%. Чыноўнікі перахваляваліся і выкацілі такія вынікі”, — адзначыў эканаміст, падкрэсліўшы, што гэтыя лічбы “малююць да гэтак званых прэзідэнцкіх выбараў 2025 года”.

Паводле сцвярджэння Раманчука, даныя, якія прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт, — “гэта ашуканства, як і даныя па інфляцыі”.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%.

Міжнародны валютны фонд чакае рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2,4%, Сусветны банк — 1,2%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — 2,8%, даследчы цэнтр BEROC — 4%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 3,7% .

“Прырост ВУП складзецца каля 4% па выніках 2024 года, — заявіў старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 7 жніўня. — Больш высокія працэнтныя стаўкі дазволяць аслабіць дынаміку крэдытавання. У спалучэнні з запаволеннем росту ВУП у РФ гэта створыць умовы для “астуджэння” росту сукупнага попыту. Пры павольным падладжванні боку прапановы да высокага попыту за кошт інвестыцый ВУП Беларусі ў другой палове года будзе заставацца каля дасягнутага рэкорднага аб’ёму. У 2025 годзе дынаміка ВУП аслабне да 0,5–1,5%, павольна вяртаючыся да збалансаванай траекторыі”.

Эксперт прагназуе, што перагрэў эканомікі зменшыцца, але “не будзе цалкам нейтралізаваны нават у 2025 годзе пры ўмове адсутнасці моцных негатыўных шокаў”.

У 2023 годзе ВУП вырас на 3,9%, у 2022-м — знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.

Падзяліцца: