Мінск 17:30

Самалёт з дэпартаваным з Грузіі журналістам Мялешкам адправіўся ў Варшаву з амаль 10-гадзіннай затрымкай

Перад вылетам у Варшаву
Фота: з архіва Андрэя Мялешкі

17 верасня, Позірк. Самалёт венгерскай авіякампаніі Wizzair з дэпартаваным з Грузіі беларускім журналістам і актывістам нацыянальнага адраджэння Андрэем Мялешкам і ягонай дачкой адправіўся з Кутаісі ў Варшаву з амаль 10-гадзіннай затрымкай — 17 верасня ў 1:21 замест 16 верасня ў 15:40.

Прычына пераносу рэйса невядомая. Роўна тыдзень таму была такая ж сітуацыя на гэтым жа кірунку: борт вылецеў у сталіцу Польшчы з 9-гадзіннай затрымкай (10 верасня ў 0:48).

Апошнія тры гады гродзенскі журналіст жыў у Батумі, куды эміграваў праз пагрозу рэпрэсій на радзіме. Там адкрыў краму беларускай нацыянальнай сімволікі, працаваў на розныя СМІ.

У Кутаісі з Варшавы Мялешка і яго дачка прыбылі познім вечарам 15 верасня. Актывіста не прапусцілі праз мяжу. У яго і дачкі спачатку забралі пашпарты, а затым тэлефоны, якія вярнулі перад адпраўленнем самалёта ў Варшаву. У дакуменце, які Мялешка атрымаў у аэрапорце, значылася, што яго не прапусцілі “з іншых прычын”.

У Грузіі ў Мялешкі засталіся жонка і яшчэ адна дачка.

Гл. таксама:

Разам з журналістам Мялешкам з Грузіі дэпартуюць яго непаўналетнюю дачку — БАЖ

Вячорка: Ведаем пра сітуацыю з Мялешкам, але ў нас пакуль не атрымалася збудаваць адносіны з урадам Грузіі

Беларусы ў Грузіі арганізавалі пікет ля будынка ўрада ў сувязі з дэпартацыяй Андрэя Мялешкі

Падзяліцца: