Мінск 07:34

ПП НС ратыфікавала пагадненне з Расіяй аб вытворчасці самалёта “Асвей”

Меркаваны выгляд самалёта "Асвей"
Крыніца: сайт 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода

17 верасня, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 17 верасня ратыфікавала міжурадавае пагадненне з Расіяй аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага шматмэтавага самалёта “Асвей”.

Паводле інфармацыі прэс-службы ніжняй палаты парламента, дакумент закліканы вызначыць умовы і парадак вытворчасці як самога самалёта, так і камплектуючых да яго, “у інтарэсах нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнага суверэнітэту” Беларусі і РФ.

За рэалізацыю доследна-канструктарскай працы па распрацоўцы самалёта адказваюць Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі і Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі. Галаўны выканаўца з расійскага боку — “Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі”, беларускі сувыканаўца — 558-ы авіяцыйны рамонтны завод (Баранавічы, Брэсцкая вобласць).

Пытанні сертыфікацыі і лётнай прыдатнасці будуць вырашаць Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі і Федэральнае агенцтва паветранага транспарта Мінтранса РФ.

Сцвярджаецца, што ратыфікацыя пагаднення “будзе садзейнічаць умацаванню беларуска-расійскага ваенна-прамысловай супрацы”, а таксама “пакладзе пачатак рэалізацыі” баранавіцкім прадпрыемствам інвестпраекта “па стварэнні вытворчасці самалётаў, дэталей і зборачных адзінак, тэхналагічнага абсталявання” ў рамках прамысловай кааперацыі з авіябудаўнічымі прадпрыемствамі РФ.

Дэпутат Руслан Касыгін заявіў журналістам, што стварэнне самалёта — “задача глабальная і амбітная”. “Але, як паказвае практыка, для Беларусі неразвязальных задач не існуе: мы пабудавалі АЭС сумесна з Расіяй, Беларусь уваходзіць у пералік касмічных дзяржаў. Наступны крок — авіяцыйная прамысловасць. Мы з гэтай задачай таксама зладзім”, — сказаў парламентарый.

Мінск і Масква актывізавалі супрацу ў авіябудаванні ў 2023 годзе.

Беларускія чыноўнікі заяўлялі, што зрабіць доследны ўзор самалётаў плануецца ў 2026 годзе. Са 180 запланаваных да першапачатковай вытворчасці паветраных суднаў 90 маюць намер вырабіць у Беларусі.

Падзяліцца: