Мінск 19:08

Лукашэнка заявіў пра немагчымасць паўтарэння 2020 года, бо ўлады “ўмеюць здабываць урокі з мінулага”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

18 верасня, Позірк. Выступаючы ў “Мінск-Арэне” на ўрачыстым вечары з нагоды дзяржсвята Дня народнага адзінства 17 верасня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што апанентам “не церпіцца” вывесці яго “з арэны палітычных дзеянняў”.

“Дамовіліся аб тым, што Літва, як гэта было напярэдадні або ў першыя дні спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне (СВА, так вайну ва Украіне называюць у РФ і Беларусі не толькі афіцыйныя асобы, але і СМІ. — “Позірк”.), ініцыюе ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Мэтай гэтага, паводле слоў Лукашэнкі, было прыцягнуць яго “да адказнасці і выключыць з парадку дня”, каб у выпадку, “калі пачнуцца мірныя перамовы ва Украіне”, ён не змог браць у іх удзел.

“Яны ведаюць, што мы патрабуем, каб пры заключэнні мірнай дамовы ва Украіне былі выкананыя інтарэсы Беларусі. Там яны не бачаць наша прадстаўніцтва”, — сказаў ён.

У Мінску ведаюць пра ўсе “задумы”, сцвярджае Лукашэнка. “І нічога ў іх не атрымаецца, — дадаў ён. — Яны не змогуць яшчэ раз паўтарыць тое, што было ў 2020 годзе. Мы — людзі, якія ўмеюць здабываць урокі з мінулага”.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у дачыненні да Лукашэнкі, чый рэжым таксама датычны да гэтага.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны (паводле ацэнкі НАУ, не менш за 3,5 тыс.). Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца спартсмен-паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і інш. Ёсць пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

14 жніўня ў Варшаве намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка даў паказанні ў рамках крымінальнай справы, якую вядзе літоўскі бок па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Падзяліцца: