Мінск 03:43

На волю выйшаў экс-журналіст Андрэй Толчын

Фота з сацсетак Толчына

18 верасня, Позірк. Былы журналіст Андрэй Толчын выйшаў на волю 17 верасня, паведаміў “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Паводле інфармацыі палітыка, мужчына вызвалены на падставе працэдуры памілавання.

Толчын быў затрыманы 27 верасня 2023 года. 21 сакавіка 2024-га Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да 2,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Скарга на вырак разглядалася 24 траўня ў Вярхоўным судзе, але, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, была адхіленая. Праваабаронцы прызналі Толчына палітвязнем.

Мужчыну ўнеслі ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Андрэй Толчын — стваральнік гомельскай гарадской газеты “Гомельскія ведамасці”, а таксама фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць.

Пасля падзей 2020 года Толчын сышоў з прафесіі.

Падзяліцца: