Мінск 01:50

Фонд Belarus Women’s Foundation прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем” — праваабаронцы

Крыніца: сацсеткі фонду

18 верасня, Позірк. Камітэт дзяржбяспекі прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” Belarus Women’s Foundation (Беларускі жаночы фонд), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на праўладныя рэсурсы.

Варта адзначыць, што ў адпаведным пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў арганізацыя пакуль не фігуруе.

Паведамляецца, што да “экстрэмісцкага фарміравання” як сам фонд, так і ўсе яго платформы і датычныя да яго дзейнасці людзі (імёны не ўдакладняюцца), аднесеныя “за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб”.

Belarus Women’s Foundation, адзначаецца на сайце арганізацыі, “змагаецца супраць рэпрэсій жанчын у Беларусі, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі”, “змагаецца за вызваленне жанчын-палітвязняў”, “аказвае дапамогу рэпрэсаваным жанчынам Беларусі” і “згуртоўвае сусветную супольнасць супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі”.

Прэзідэнтам фонду значыцца Вераніка Цапкала — жонка экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах 2020 года Валерыя Цапкалы. Пасля таго, як яе мужу было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата, стала адным з трох твараў аб’яднанага штаба прыхільнікаў перамен разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай.

Падзяліцца: