Мінск 10:13

Мінабароны незадаволенае тым, што Беларусь не запрашаюць назіраць за заходнімі вучэннямі

Міністр абароны Віктар Хрэнін падчас назірання за вучэннямі
Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

18 верасня, Позірк. Міністэрства абароны Беларусі незадаволенае тым, што яго прадстаўнікоў не запрашаюць назіраць за заходнімі вучэннямі, вынікае з заявы начальніка Дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Валерыя Равенкі.

“Увесну 2024 года ў Еўропе прайшла серыя шматнацыянальных вучэнняў “Абаронца”, падчас якой былі арганізаваныя назіранні за найбуйнейшымі з іх: “Драгун” на тэрыторыі Польшчы, “Вясновы шторм” у Эстоніі і “Паўночны адказ” у Нарвегіі, — цытуе ваеннае ведамства кіраўніка сваёй дыпламатычнай службы. — Ані на адно з іх прадстаўнікі Беларусі запрошаныя не былі, што ў выпадку Польшчы і Эстоніі, дзе колькасць удзельнікаў вучэнняў перавышала 13 тысяч чалавек, сталася грубым парушэннем палажэнняў Венскага дакумента”.

Паводле слоў Равенкі, Венскі дакумент 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі, а таксама дзейныя рэгіянальныя дамоўленасці Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай “утрымліваюць неабходныя інструменты, якія, пры жаданні <…> заходніх калег, маглі б ужо сёння быць выкарыстаныя для паэтапнага вяртання да прадметнага дыялогу аб праблемах бяспекі ў рэгіёне”.

Аднаўленне даверу, гаворыцца ў заяве, “немагчымае без практычных дзеянняў”, якія “неабходныя ў першую чаргу адносна мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, інтэнсіўнасць і маштабы якой значна ўзраслі”.

“У гэтыя дні Латвія праводзіць шматнацыянальнае тактычнае вучэнне “Намейс” (актыўная фаза — 18–22 верасня. — “Позірк”.), — звярнуў увагу Равенка. — Першапачаткова было заяўлена пра ўдзел у вучэнні да 14 тысяч вайскоўцаў, аднак пасля колькасць удзельнікаў была скарэктаваная да 11 тысяч, што таксама з’яўляецца высокім паказчыкам, асабліва з улікам наяўнай ваенна-палітычнай абстаноўкі”.

“Выклікае шкадаванне той факт, што прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь не былі запрошаныя для назірання за актыўнай фазай вучэння, у той час як назіранне было арганізаванае латвійскім бокам і прадстаўнікі пяці дзяржаў бяруць у ім удзел. Гэтае мерапрыемства, якое праводзіцца для “закрытага клуба” абраных дзяржаў, наўрад ці паспрыяе гэтак неабходнаму ўмацаванню даверу і бяспекі”, — заявіў военачальнік.

У сувязі з гэтым Равенка задаецца пытаннем, ці варта Мінску працягваць практыку запрашэння замежных назіральнікаў на вучэнні на тэрыторыі Беларусі. Ён заклікаў заходнія краіны “прыняць адзінае правільнае рашэнне і вярнуцца да прагматычнага дыялогу”.

“Рэспубліка Беларусь працягвае рабіць паслядоўныя крокі для змяншэння напружанасці і прадухілення яшчэ аднаго рэгіянальнага канфлікту”, — сцвярджае прадстаўнік Мінабароны.

Беларусь з’яўляецца бокам Венскага дакумента 2011 года, які сярод іншага прадпісвае дзяржавам Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) “абменьвацца інфармацыяй пра ўзброеныя сілы, сістэмы ўзбраенняў і тэхнікі, планаванне ў галіне абароны і вайсковыя выдаткі”, а таксама дазваляе інспектаваць вайсковыя адзінкі “для ацэнкі правільнасці прадстаўленай пра іх інфармацыі”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе кантакты Беларусі з краінамі Захаду па лініі Венскага дакумента звяліся да мінімуму, а ў 2022-м фактычна спыніліся пасля падтрыманага Мінскам уварвання Расіі ва Украіну.

Сёлета ў чэрвені адбылося першае для Беларусі за апошнія чатыры гады праверачнае мерапрыемства па лініі Венскага дакумента — сербскія вайскоўцы праінспектавалі 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэсце.

Падзяліцца: