Мінск 03:46

Праваабаронцы: Па справе праекту “Адукаванка” праходзяць затрыманні і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі

Крыніца: adukavanka.org

18 верасня, Позірк. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, па справе праекту “Адукаванка” праходзяць затрыманні і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі.

“Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра палітычны пераслед настаўнікаў з усёй краіны, якія былі ў тэлеграм-чаце праекта “Адукаванка”, — гаворыцца ў паведамленні. — У гэтым чаце абмяркоўвалі ўрокі, інавацыйныя тэхналогіі выкладання матэрыялаў і гэтак далей”.

Напярэдадні стала вядома, што 28 жніўня Камітэт дзяржбяспекі прызнаў згаданы праект “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Згодна з адпаведным пералікам на сайце МУС, у структуру “фарміравання” уваходзяць сайты adukavanka.org, adukavanka.by, старонкі праекта ў “Інстаграме” і “Фэйсбуку”, ютуб-канал, а таксама тэлеграм-каналы adukavanka, adukavanka_habits, adukavanka_lang, adukavanka_plc.

Акрамя гэтага, згаданыя тэлеграм-боты праекта: adukavanka_bot, adukavanka_talkbot, adukavanka_talaka_bot, adukavanka_feedback_bot, adukavanka_support_bot, adukavanka_goals_bot і закрытая тэлеграм-група “Адукаванка. Метадкабінет настаўнікаў Беларусі”.

Датычнымі да “фарміравання” пазначаныя Кацярына Кукса і Алена Мельчанка.

“Нам сумна, што рабіць адукацыю лепшай — экстрэмісцкая дзейнасць у Беларусі. Мы застанемся вернымі сваім ідэалам і марам, нягледзячы на цэтлікі, якія на нас вешаюць. І сапраўды ведаем, што крутая адукацыя робіцца мазгамі, а не дручкамі. Мы за прымірэнне беларусаў. Варожасць яшчэ ніводнае грамадства не рабіла лепшым”, — так пракаментавалі рашэнне КДБ у тэлеграм-канале праекта.

“Адукаванка” — некамерцыйная грамадзянская ініцыятыва, якая займаецца пытаннямі ўдасканалення адукацыі. Сярод іншага праект прапануе педагогам экспрэс-курсы, канструктары ўрокаў, навучальныя чат-боты і карысныя матэрыялы для запампоўкі.

Падзяліцца: