Мінск 21:25

Суд ЕС адмовіўся здымаць санкцыі з “Беларуськалія”, яго гендырэктара Галаватага і БКК

Фота: LRT

18 верасня, Позірк. Суд Еўрапейскага саюза адхіліў пазовы аб зняцці санкцый, пададзеныя вытворцам угнаенняў ААТ “Беларуськалій”, генеральным дырэктарам прадпрыемства Іванам Галаватым і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

Як вынікае з дакументаў, апублікаваных 18 верасня на сайце суда, “Беларуськалій”, БКК і Галаваты “падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі”, здабываюць з гэтага выгаду і датычныя да “падаўлення грамадзянскай супольнасці”.

Паведамляецца, што пазоўнікі спрабавалі аспрэчыць гэтыя тэзісы і настойвалі на выключэнні іх з санкцыйных спісаў ЕС, аднак суд не палічыў іх аргументы пераканаўчымі.

“Беларуськалій”, згодна з апублікаванымі дакументамі, “з’яўляецца асноўнай крыніцай даходу для рэжыму Лукашэнкі, дзяржава гарантуе яму манапольныя правы на экспарт калійных угнаенняў”. У выніку такога “прэферэнцыйнага стаўлення з боку беларускіх уладаў заяўнік атрымлівае істотны даход”, а значыць — “выгаду ад рэжыму Лукашэнкі, і падтрымлівае яго”.

Аналагічна аргументавана захаванне ў санкцыйным спісе і БКК, якая “з’яўляецца экспартным падраздзяленнем беларускага дзяржаўнага вытворцы калійных угнаенняў”.

Персанальныя санкцыі супраць Галаватага пакінутыя ў сіле, бо, згодна з заключэннем суда ЕС, ён цесна звязаны з Лукашэнкам і членамі яго сям’і, а таксама нясе адказнасць за палітычныя рэпрэсіі, у прыватнасці, за падаўленне страйкавага руху на прадпрыемстве ў 2020 годзе.

Суд абавязаў “Беларуськалій”, БКК і Галаватага пакрыць выдаткі на разгляд пазоваў.

Галаваты, “Беларуськалій” і БКК былі ўключаныя ў шосты санкцыйны пакет ЕС у чэрвені 2022 года. У снежні 2023 года суд ЕС прыняў рашэнне адхіліць пазоў часткова прыналежнага “Беларуськалію” тэрмінала навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе (Biriu kroviniu terminalas, BKT) супраць Савета ЕС.

24 лютага 2023 года Савет ЕС абнавіў і падоўжыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕС калійных угнаенняў з Беларусі. BKT вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе.

Падзяліцца: