Мінск 19:59

Латвія звярнулася да ўладаў Беларусі з нагоды знікнення свайго грамадзяніна

Крыніца: старонка FreeBelarus у сацсетцы X

18 верасня, Позірк. Консульства Латвіі ў Віцебску звярнулася да беларускіх уладаў з нагоды знікнення свайго грамадзяніна Эмілса Асарса, паведамляе партал Delfi са спасылкай на інфармагенцтва LETA.

Адказу пакуль не атрымана.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Дыяна Эглітэ адзначыла, што ведамству вядома пра “магчымы інцыдэнт” — інфармацыя аб магчымым затрыманні мужчыны паступіла ад яго сваякоў.

У МЗС падкрэслілі, што “праз праблемы з захаваннем правоў [чалавека] у Беларусі і Расіі магчымасці Латвіі аказваць дапамогу сваім грамадзянам у гэтых краінах вельмі абмежаваныя, а абмен інфармацыяй адбываецца вельмі павольна”. У выніку “супрацоўніцтва Латвіі з Беларуссю ў галіне юстыцыі зведзена да мінімуму”.

Паводле слоў Эглітэ, “нягледзячы на тое што Латвія неаднаразова заклікала сваіх грамадзян пазбягаць паездак у Беларусь праз рызыкі, латвійскія грамадзяне прадаўжаюць уязджаць у гэтую краіну”.

Паводле інфармацыі ведамства, у 2022 годзе ў Беларусі былі затрыманыя 13 грамадзян Латвіі, у 2023-м — 15, у 2024-м — 11.

Пра знікненне ў Беларусі Асарса стала вядома 11 верасня. У Беларусь ён прыехаў на аўтамабілі. Сцвярджалася, што 12 верасня сваякам мужчыны паведамілі па тэлефоне, што ён затрыманы. Больш не кантакт з імі ніхто з Беларусі не выходзіў.

У СМІ выказвалася здагадка, што Асарс мог быць затрыманы за бел-чырвона-белы элемент на куртцы (гл. фота).

З 2020 года ў Беларусі пераследуюць людзей за любое каляровае спалучэнне, якое адсылае да нацыянальнай сімволікі, перш за ўсё да бел-чырвона-белага сцяга.

Падзяліцца: