Мінск 15:35

Ютуб-каналы беларускіх дзяржСМІ заблакаваныя ў Літве

Выява носіць ілюстрацыйны характар
Крыніца: ютуб-канал блогера Ілля Варламава

18 верасня, Позірк. Глабальны відэахостынг “Ютуб” заблакаваў вяшчанне на Літву беларускіх прапагандысцкіх СМІ, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕС, паведамляе LRT.

Адзначаецца, што рашэнне прынятае па патрабаванні Літоўскай камісіі па радыё і тэлебачанні, якая “ў рамках супрацоўніцтва з Google папрасіла платформу выдаліць 18 беларускіх акаўнтаў”.

У публікацыі LRT пералічаныя 17 ютуб-каналаў, заблакаваных у Літве. Гэта рэсурсы інфармацыйнага агенцтва АТН, тэлеканалаў “Беларусь 1”, “Беларусь 2”, “Беларусь 3”, “Беларусь 5”, “Беларусь 4. Брэст”, “Беларусь 4. Віцебск”, “Беларусь 4. Гомель”, “Беларусь 4. Гродна”, “Беларусь 4. Магілёў”, ТБ-праектаў Factor.by і ZonaX, а таксама радыёстанцый “Радыус-FM”, “Радыус FM Дом”, “Радыё Сталіца”, “Радыё 1” і “Радыё Беларусь”.

Удакладняецца, што літоўскі наглядны орган накіраваў запыт у “Ютуб” сёлета ў ліпені.

“Мы ўдзячныя Літве за ініцыятыву, гэта прэцэдэнт. Аднак мае сэнс блакаваць прапагандысцкія каналы ўвогуле на платформе, а не толькі ў асобных краінах.”, — адзначыў у каментары “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Краіны Захаду сталі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасля выбараў 2020 года. Абмежаванні былі пашыраныя ўвесну 2021-га, пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і пачатку міграцыйнага крызісу, і ў 2022-м — пасля таго як Беларусь падтрымала расійскую агрэсію ва Украіне.

Падзяліцца: