Мінск 04:19

Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх 37 палітвязняў, вызваленых па памілаванні 16 верасня

Крыніца: unsplash.com

18 верасня, Позірк. Прозвішчы яшчэ 10 палітвязняў, якія выйшлі на волю па памілаванні 16 верасня, назваў у сваім тэлеграм-канале прапагандыст Раман Пратасевіч.

Ён паведаміў, што вызваленыя Дзмітрый Лагуценка, Андрэй Ігнатовіч, Дзмітрый Утаўка, Віталь Цыдзік, Канстанцін Саламіюк, Віталь Юрэня, Сяргей Фісюк, Аляксандр Бараноўскі, Ірына Гарачкіна, Юлія Лабунова.

Лагуценка быў затрыманы 4 студзеня 2023 года ў Рагачове (Гомельская вобласць) разам з сябрам пасля размовы ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Комарам. Асуджаны паводле ч. 1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. Прыгавор невядомы.

Ігнатовіч асуджаны 24 кастрычніка 2023 года на два гады зняволення паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх) КК.

Утоўка пасля затрымання ў красавіку 2023-га прыгавораны да пазбаўлення волі (тэрмін невядомы) паводле арт. 368, арт. 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Мае інваліднасць, тэрмін зняволення адбываў са слыхавым апаратам.

Цыдзік быў затрыманы ў жніўні 2023-га і асуджаны паводле арт. 368, арт. 130 і арт. 342 КК. Прыгавор невядомы.

Саламіюк знаходзіўся ў няволі з 30 кастрычніка 2023 года. Яму прызначылі два гады пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК.

Юрэню затрымалі 12 траўня 2023-га. Прыгавор — 3 гады зняволення паводле арт. 3612 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Фісюк пасля затрымання 30 верасня 2021-га быў асуджаны на 3 гады зняволення паводле ч. 1 арт. 130 КК.

Бараноўскага ўзялі пад варту 2 верасня 2023-га. Паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 3612 прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Гарачкіна была затрыманая 1 снежня 2020 года. Прызнана вінаватай паводле ч. 3 арт.295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 1 арт. 405 (укрывальніцтва цяжкага злачынства) КК. Прагавораная да 6 гадоў і 1 месяца пазбаўлення волі. Пасля разгляду апеляцыі Вярхоўны суд зняў з Гарачкінай абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 405 КК, скараціўшы тэрмін пакарання на 1 месяц.

Лабунову затрымалі 20 верасня 2021 года. Судзілі паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Прыгавор — 3,5 года зняволення.

16 верасня ўказам Аляксандра Лукашэнкі было памілавана 37 чалавек. Прозвішчы пяці вызваленых у той жа дзень паведаміў у сваім тэлеграм-канале Пратасевіч. Паводле яго слоў, гэта Аляксандр Фікаў, Таццяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.

17 верасня Пратасевіч назваў 10 прозвішчаў. На волю выйшлі Аляксандр Емяльянаў, Ігар Барысаў, Аляксандр Пастэрняк, Уладзіслаў Папоў, Аляксандр Жандораў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў, Віталь Чарнавусаў і Зоя Баранава.

У гэты ж дзень “Вясна” паведаміла аб вызваленні яшчэ 10 чалавек: Аляксандра Рукойця, Аляксандра Пугача, Дзмітрыя Кушалевіча, Алега Завадскага, Аляксандра Жука, Мікалая Амельчанкі, Дзмітрыя Сінюты, Сяргея Мазаля, Віталя Санько, Андрэя Рамановіча.

18 верасня таксама стала вядома, што на волю выйшлі былы журналіст Андрэй Толчын і Сяргей Мардзіловіч.

Падзяліцца: